Трамп адклаў удары па энергетыцы Ірана яшчэ на 10 дзён
Да панядзелка, 6 красавіка.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вырашыў адкласці ўдары па энергетыцы Ірана яшчэ на дзесяць дзён. «Па просьбе іранскага ўрада паведамляю, што я адкладаю пачатак знішчэння энергетычных аб’ектаў на 10 дзён — да панядзелка, 6 красавіка», — напісаў кіраўнік Белага дома ў сваёй сацсетцы TruthSocial. Ён адзначыў, што перамовы паміж Вашынгтонам і Тэгеранам працягваюцца і ідуць «вельмі паспяхова», нягледзячы на «фэйкавыя навіны», якія сцвярджаюць адваротнае.
На пачатку бягучага тыдня Трамп адклаў удары па іранскай энергетыцы на пяць дзён — да 28 сакавіка, запатрабаваўшы ад Тэгерана да таго часу разблакаваць Армузскі праліў, праз які на сусветны рынак паступае каля 20% нафты і 30% звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Пасля гэтага амерыканскі прэзідэнт казаў журналістам, што Іран зрабіў «вельмі вялікі падарунак», звязаны з нафтай і газам, у прыватнасці дазволіў прайсці праз Армузскі праліў дзесяці танкерам. У сваю чаргу пасрэднікі ў перамовах паміж Вашынгтонам і Тэгеранам паведамілі The Wall Street Journal (WSJ), што іранскія ўлады не прасілі адкласці амерыканскія ўдары і не прадставілі канчатковага адказу на мірны план ЗША.
Дакумент з 15 пунктаў, які Вашынгтон перадаў Тэгерану, прадугледжвае патрабаванне адкрыць Армузскі праліў для свабоднага суднаходства, абмежаванне ракетнай праграмы Ірана патрэбамі самаабароны, спыненне фінансавання праксі-сіл Тэгерана на Блізкім Усходзе, дэмантаж ядзерных аб’ектаў у Натанзе, Ісфахане і Фордо, а таксама перадачу МАГАТЭ каля 450 кілаграмаў узбагачанага да 60% урану. Пры гэтым ЗША гатовыя зняць ядзерныя санкцыі, аказаць дапамогу ў развіцці грамадзянскай ядзернай энергетыкі на аб’екце ў Бушэры і адмяніць механізм аўтаматычнага аднаўлення санкцый ААН у дачыненні да Ірана. Паводле даных ізраільскага тэлеканала Channel 12, асноўныя палажэнні амерыканскага плана супадаюць з умовамі, якія Іран адхіліў летась.
Тэгеран вылучыў ЗША сустрэчныя патрабаванні для пачатку перамоваў аб спыненні агню, казалі знаёмыя з сітуацыяй крыніцы WSJ. Паводле іх, Тэгеран запатрабаваў зняць усе санкцыі супраць краіны, гарантаваць неаднаўленне баявых дзеянняў, дазволіць Ірану захаваць ядзерную праграму без абмежаванняў, а таксама спаганяць плату за праход суднаў праз Армузскі праліў. Амерыканскія чыноўнікі лічаць патрабаванні Ірана нерэалістычнымі і адзначаюць, што яны ўскладняць дасягненне пагаднення з Тэгеранам.