Падчас затрыманьня віцебскі апазіцыянер заклеіў рот скотчам
- 10.10.2007, 16:33
У Віцебску затрыманы актывіст Руху “За Свабоду” Сяргей Парсюкевіч. У момант затрымання ён моўчкі заклеіў сабе рот скотчам, каб пасля яго не змаглі абвінаваціць у нецэнзурнай лаянцы.
Машына Сяргея Парсюкевіча была спыненая каля яго дому супрацоўнікамі ДАІ. Міліцыянты паведамілі актывісту, што ягоны аўтамабіль быццам бы знаходзіцца ў вышуку і запатрабавалі праехаць у пастарунак міліцыі.
Нагадаем, што ўчора ў Гомелі па падобным сцэнары быў затрыманы каардынатар Руху “За Свабоду” Уладзімір Кацора. Ягоную машыну спынілі па такой жа прычыне, а пасля ў пастарунку на яго быў складзены пратакол за нецэнзурную лаянку. Суд пакараў Уладзіміра Кацору 7-ю суткамі адміністрацыйнага арышту.
Заўвага сайта www.charter97.org: За апошнія два гады па абвінавачваньню ў быццам бы нецэнзурнай лаянцы былі арыштаваныя сотні актывістаў апазіцыі. Але не быў арыштаваны ніводны супрацоўнік міліцыі, бо як кажуць, у народзе: “Міліцыянеры матам не лаюцца, яны на ім размаўляюць”.