Брус Джэксан: «Манаполія Расеі на пастаўкі газу спрыяе росту карупцыі ў Беларусі»
- 10.10.2007, 17:26
Эканамічны ціск Расеі запавольвае развіццё дэмакратыі ў краінах, суседніх з ёй – лічыць кіраўнік няўрадавай арганізацыі "Праект дэмакратый пераходнага перыяду" Брус Джэксан. "Зусім нядаўна Расея пагражала Украіне цэнамі на газ з прычыны вынікаў парламенцкіх выбараў, наступствы расейскага эканамічнага эмбарга таксама зведалі на сябе Грузія і Малдова", – растлумачыў сваю пазіцыю Б.Джэксан.
Кажучы пра Беларусь, Б.Джэксан адзначыў, што манаполія Расеі на пастаўкі газу "спрыяе росту карупцыі ў краіне". На думку аналітыка, гэтая манаполія таксама запавольвае развіццё беларускага бізнэсу. "Але я не ўпэўнены, што Аляксандр Лукашэнка гатовы аддаліцца ад Расеі і рухацца ў бок Захаду. Еўразвяз гатовы прапанаваць Беларусі супрацоўніцтва ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, але для гэтага неабходныя дэмакратычныя перамены ў краіне. Я упэўнены, што рана ці позна Беларусь будзе паўнавартасна супрацоўнічаць з Захадам", – сказаў Б.Джэксан у інтэрв'ю БелаПАН.