Пуцін: Трубаправод у абыход Беларусі будзе будавацца строга па графіку
- 15.10.2007, 15:28
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў пра намер Масквы строга па графіку здзяйсняць рэалізацыю праекту Nord Stream ("Паўночны паток" або Паўночнаеўрапейскі газаправод). "Мы маем намер строга па графіку прасоўваць шматбаковы праект будаўніцтва газаправода "Паўночны паток", – сказаў У.Пуцін, выступаючы ў панядзелак у Вісбадэне на прэс-канферэнцыі па выніках расейска-германскіх міждзяржаўных кансультацый.
Ён падкрэсліў, што штогод растуць германскія інвестыцыі ў расейскую эканоміку, у прыватнасці ў энергетычную галіну.
Прэзідэнт РФ таксама паведаміў, што ў першым паўгоддзі 2007 года аб'ём узаемнага гандлю павялічыўся больш як на 13% і склаў амаль $23 млрд.
У.Пуцін запэўніў, што кіраўнікі Расеі і Нямеччыны маюць намер і далей працаваць над тым, каб ліквідаваць любыя бар'еры для эканамічных і чалавечых кантактаў паміж дзвюма краінамі.
Пры гэтым прэзідэнт РФ падкрэсліў, што "нават не ведае, што можна яшчэ зрабіць новага, каб палепшыць расейска-германскія стасункі". "Я задаволены тым, як складаюцца нашы стасункі з федэральным канцлерам, у нас вельмі дзелавы і даверны кантакт, няма ніякіх табу, закрытых тэм, мы вельмі сумленна абмяркоўваем любыя тэмы. Я лічу, што мы разумеем адзін аднаго, хоць і не заўсёды згаджаемся. Нам зразумелая логіка адзін аднаго, і ў нашых кантактах няма ніякага падвойнага дна", – сказаў У.Пуцін.