BE RU EN

Наперадзе – пастаянны рост цэнаў

  • 15.10.2007, 15:40

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ініцыюе далейшае падвышэнне закупных цэнаў на малако, а таксама рознічных цэнаў на малочную прадукцыю, паведаміла "Інтэрфаксу" начальніца галоўнага ўпраўлення эканомікі міністэрства Ганна Андрыевіч.

Як раней паведамлялася, пастановай урада №1300 ад 10 кастрычніка гэтага года, закупныя цэны на малако былі падвышаныя на 10%. Гэта ўжо трэцяе падвышэнне цэнаў у гэтым годзе. "Мы лічым неабходным далейшае падвышэнне закупных цэнаў, хаця б да ўзроўню прымежных абласцей Расеі, – зазначыла яна. – У той самы час, перапрацоўнікі не змогуць "пераварыць" гэтую цану без шкоды свайму фінансаваму становішчу і разлічыцца з вытворцамі малака. У дадзенай сітуацыі спатрэбіцца хаця б невялікае падвышэнне рознічных цэнаў, каб прадпрыемствы не працавалі ў мінус".

У той самы час, зазначыла А.Андрыевіч, "пакуль гэты крок не знайшоў разумення ні ў Мінэканомікі, ні ва ўрадзе".

Прадстаўнікі Міністэрства эканомікі дадзеную магчымасць не каментуюць. Адказваючы на пытанне адносна далейшага магчымага падвышэння закупных і рознічных цэнаў, яны зазначылі, што "калі і будзе рабіцца падвышэнне, то толькі паэтапна, не будзе ніякіх разавых воплескаў, наша цэнавая палітыка не прадугледжвае гэтага".

Як адзначылі ў гутарцы з "Інтэрфаксам" прадстаўнік Цэнтра аграрнай эканомікі інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, улічваючы знешнюю кан'юнктуру малочнага рынку, у краіне неабходна падвышаць закупныя і рознічныя цэны да ўзроўню сумежных краін, найперш, Расеі. У адваротным выпадку магчымы паўтор сітуацыі 1997 года, калі патрабавалася прыняцце рашэнняў на ўзроўні прэзідэнта для спынення некантраляванага вывазу прадуктаў харчавання з краіны. "Калі сёння цана на сыр у Беларусі складае 10 тыс. за кг, то на аналагічны гатунак у Смаленску – 15-16 тыс. (у пералічэнні). Прыкладна такія ж суадносіны цэнаў на алей, смятану, тварог, – зазначыў суразмоўца. – Калі не падвысіць цэны, усё зноў павязуць у торбах".

Рынкавая цана на малако і малочныя прадукты дазваляе падвысіць закупныя цэны, дадаў суразмоўца. "І ніякімі прычынамі, якімі спрабуюць у Мінэканомікі растлумачыць стрымліванне цэнаў, напрыклад, неабходнасці дасягнення прагнознага ўзроўню інфляцыі, апераваць нельга", – мяркуе ён. "Інфляцыя ў 6- 8% – гэта бяспечны ўзровень. Ён можа быць і перавышаны, – лічыць ён. – Найперш, трэба, каб эканоміка краіны адаптавалася да росту кошту энерганосьбітаў, а без росту цэнаў гэтага дасягнуць немагчыма.

Апошнія навіны