BE RU EN

У Расеі п'яны генерал вырашыў «пастраляць нярускіх»

  • 16.10.2007, 12:00

У Расейскім войску за забойства чалавека арыштаваны высокапастаўлены генерал. Пра гэтую падзею не паведамлялася, аднак газета "Московский комсомолец" са спасылкай на крыніцы ў МУС піша пра падрабязнасці злачынства.

Паводле дадзеных выдання, арыштаваны – генерал-маёр Спецстрою Шыршоў Сяргей Васілевіч. 26 верасня 2007 года ён прыехаў у пасёлак Кастрычніцкі Усцьянскага раёна Архангельскай вобласці. Ужо на наступны дзень з зараджаным пісталетам у руках ён фактычна тэрарызаваў пасёлак, а потым застрэліў аднаго з мясцовых жыхароў.

Газета адзначае, што скандал спрабуюць замяць. Вядома, што першапачаткова Шыршову ставіліся ў віну "цяжкія" артыкулы КК: 212 (масавыя беспарадкі) і 105 (забойства). Цяпер жа іх перакваліфікавалі на лягчэйшыя: арт. 213 (хуліганства) і арт. 109 (забойства па неасцярожнасці).

Паводле аповедаў мясцовых жыхароў, генерал быў п'яны і прыняў мясцовых жыхароў за баявікоў. Раней ён служыў на Паўночным Каўказе. "Выпіў лішку, і пачалі яму ўсюды баявікі вярзуцца: відаць, доўга ў "гарачых кропках" служыў, ад вайны страха і паехала. Стаў пісталетам размахваць і аднаго мужыка забіў. Цяпер, відаць, у лясах хаваецца. Народ баіцца: люты, гавораць, генерал, помсціць стане, калі хто што пра яго ўладам скажа", – распавяла адна з мясцовых бабулек карэспандэнту газеты.

Таксама атрымалася даведацца, што генерал прыехаў у пасёлак "пастраляць нярускіх". Забіты Сяргей Каратаеў, магчыма, здаўся забойцу "нярускім", бо ў яго бацька быў немцам.

Маці забітага Сяргея паведаміла, што яе сыну споўнілася б у снежні 43 гады. Ён быў жанаты і мае дваіх дзяцей, 16 і 20 гадоў.

Газета адзначае, што генерал-маёр Шыршоў – начальнік ФГУП "Упраўленне будаўніцтва №4 пры Спецстрою Расеі". Заслужаны будаўнік РФ. Ганаровы будаўнік. Ганаровы радыст РФ. Ветэран Спецстрою Расеі. Узнагароджаны медалём ордэна "За заслугі перад Бацькаўшчынай" II ступені, 12 медалямі.

Апошнія навіны