Для «палаткі» 10 гадоў – не тэрмін?
- 17.10.2007, 11:44
"Мы хацелі б даведацца, ці зрабіла Беларусь крокі да збліжэння з Радай Еўропы", – заявіў дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні на сустрэчы з старшынёй «палаты прадстаўнікоў» Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзімам Паповым 17 кастрычніка ў Менску.
Па словах А.Рыгоні, мэтай яго візіту ў Менск з'яўляецца падрыхтоўка справаздачы аб сітуацыі ў Беларусі, якую плануюць апублікаваць на пачатку 2008 года. У справаздачы неабходна вызначыць, "як прасоўваецца Беларусь у стварэнні спрыяльнага клімату і ўсталяванні дыялогу з ПАРЕ", сказаў дакладчык. Ён адзначыў, што яго візіт – "яшчэ адзін элемент збліжэння" пасля наведвання Беларусі ў студзені 2007 года кіраўніком ПАРЕ Рэнэ ван дэр Ліндэнам.
В.Папоў, у сваю чаргу, адзначыў, што дзесяць гадоў для станаўлення парламентарызму – тэрмін невялікі. "Мы гэта разумеем і імкнемся вывучаць досвед парламентарызму ўсіх краін, ужываючы ў сябе ўсё лепшае", – сказаў «спікер».
"Мы гатовыя абмеркаваць пытанні, якія вас цікавяць, і спрыяць, каб ваш візіт у Беларусь быў жыватворным", – падкрэсліў В.Папоў.
Пасля гэтага перамовы А.Рыгоні і В.Папова працягнуліся за закрытымі дзвярамі.
На 18 кастрычніка запланаваная сустрэча А.Рыгоні з прадстаўнікамі апазіцыі.
Андрэа Рыгоні, нагадаем, быў прызначаны дакладчыкам па сітуацыі ў Беларусі 13 лютага 2007 года на пасяджэнні палітычнага камітэта ПАРЕ. Гэта яго першы візіт у краіну. Раней дакладчыкам па Беларусі з'яўляліся Хрыстос Пургурыдас, Андрэс Херкель і Азім Маллазадзе.