BE RU EN

«Краснае знамя» АЭС

  • Валер Дранчук
  • 18.10.2007, 11:09

Рэжым дэманструе нахабны падман, і падман гэты мае чарговы назоў – АЭС. Беларускі бок, які ў 1998 годзе далучыўся да Орхускай канвенцыі ААН, не выконвае ўскладзеных на сябе абавязкаў. Варухлівая дзейнасць па выбары пляцоўкі, партнёра-выканаўцы, стварэнню органа каардынацыі і нагляду за будаўніцтвам не выдаецца і не называецца як пачатак і частка будаўніцтва, хоць менавіта такою – пачаткам і часткай -- з’яўляецца згодна стандартаў МАГАТЭ.

Працэдура дазволу – ключавая паводле канвенцыі --адкінута грэбліва ўбок. Заява А.Лукашэнкі, што атамная электрастанцыя ў Беларусі будзе пабудавана нягледзячы ні на што (прагучэла менавіта гэтак, безапеляцыйна і нават застрашальна), не пакідае сумневу – рашэнне прынята адным чалавекам. Заява кіраўніка краіны перакрэслівае дзяржаву і грамадства. І дае зразумець: нам хлусілі і будуць хлусіць. Нас пераступалі і будуць пераступаць. Яны ўжо ідуць па нашых галовах.

Аўтакратыя Лукашэнкі дала чарговы старт гэтай кампаніі тады, калі абвесціла быццам бы пра намеры. Але гэта ўжо, як паказаў мінімум год, былі не намеры. За спіной грамадства, якое павінна будзе плаціць сваёй будучыняй, вырашаліся і так званыя стратэгічныя, і “тэхнічныя” пытанні згодна з “указуючым” пальцам.

На зацікаўленні ды закіды грамадскасці (з прычыны адсутнасці дыскусіі пытання) уладна-чыноўны люд адказваў двурушна: “А што абмяркоўваць, няма ніякага рашэння. Будзе рашэнне, тады будзем глядзець”. Гэта ж, у прыватнасці, я пачуў месяц таму ад дэпутаткі Марыі Худой. Пэўна, і не згадваў бы зараз яе імя, калі б не пачала яна, Марыя Мікалаеўна, услед за А.Лукашэнкам сьпяваць оду “мірнаму атаму” замест ініцыявання слуханняў у парламенце.

Што да слуханняў, дык яны мала сказаць запазняюцца – яны ўжо, бадай, нічога не вырашаюць, разам з тым і на фоне такой спрэчнай і вартай жалю заявы міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Лявонція Харужыка пра самы “экалагічна чысты” від энэргетыкі і “агульнасусветныя тэндэнцыі”... Пасля гэтай заявы (далёкай ад праўды -- хоць бы таму, што сёлета Еўропа не ўнесла атамную энэргію ў спіс няшкодных для навакольнага асяроддзя) міністэрства пазбаўляе сябе часткі клопатаў, затое бярэ на сябе велізарную адказнасць. І не толькі што да заявы.

Вось жа, ёсць Орхуская канвенцыя ААН “Аб доступе насельніцтва да экалагічнай інфармацыі і прыняцця рашэнняў па пытаннях, якія датычаць навакольнага асяроддзя”, якую ў 1998 падпісала Рэспубліка Беларусь. Сёння, што да будаўніцтва АЭС і публічнасці пытання, гэта цалкам ігнараваны Беларуссю міжнародны дакумент, калі мець на ўвазе ягоны змест і ягоную літару.

“Кожны Бок, -- чытаем радкі канвенцыі, пункт 2 артыкула 6, -- прымяняе палажэнні гэтага артыкула ў дачыненні рашэнняў, якія датычаць пытання мэтазгоднасці дазволу (вылучана мной, тут і далей – В.Д.) планаваных відаў дзейнасці”. Сярод пералічаных відаў -- атамныя электрастанцыі ды іншыя атамныя рэактары і спадарожныя ўстаноўкі з ядзерным палівам.

Што да ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў па названых відах дзейнасці, шосты артыкул, з аднаго боку, дэкларуе, а з другога – ускосна – адлюстроўвае стан выканання дакумента, апелюючы да краіны-ўдзельніцы:

“Зацікаўленая грамадскасць адэкватна, своечасова і эфектыўна інфармуецца, у залежнасці ад абставін, альбо шляхам публічнага паведамлення, альбо ў індывідуальным парадку на самым пачатку працэдуры прыняцця рашэнняў па пытаннях, якія датычаць навакольнага асяроддзя, пра, сярод іншага:

а) планаваны від дзейнасці і заяўку, па якой будзе прымацца рашэнне;

b) характар магчымых рашэнняў альбо праект рашэння;

c) дзяржаўны орган, адказны за прыняцце рашэння;

d) працэдуру, якая прадугледжваецца, і ўлучна пра тое, якім чынам і калі такая інфармацыя можа быць выдадзеная...”

У рэшце рэшт ёсць пункт 3 таго ж артыкула 6, згодна з якім працэдуры ўдзелу грамадскасці прадугледжваюць і разумныя тэрміны, якія пакідаюць дастаткова часу для інфармавання, падрыхтоўкі і эфектыўнага ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў.

Далей можна не цытаваць, бо ўсё ж выглядае на поўны нуль. Патэнцыйная значнасць і сіла палажэнняў сусветнага дакумента ўражваюць (гэта ўсведамляеш міжволі штораз, звяртаючыся да канвенцыі), але ўражвае і пазіцыя краіны, адпаведных структур і асоб, якія брутальным чынам застаюцца глухімі і сляпымі да ўскладзеных на сябе стандартаў і прадпісаных абавязкаў. Выканаўчы працэс выпадае з кантэксту беларускіх рэалій, ажыццяўленне артыкульных працэдур заблакаваная рэжымам і аўтакратыяй.

Па вялікім рахунку, народ адлучаны ад сваёй будучыні.

Гэта значыць, папросту, Лукашэнка хоча пераступіць патэнцыйна нязгодных, ён ужо ўчэпіста трымае краснае знамя АЭС і, як той кустодзіеўскі бальшавік, рушыць у сваю будучыню. Ён хоча пабудаваць гэтую станцыю пад сябе, як пад сябе будуе сёння лядовыя палацы і аграгарадкі, як пад сябе змяніў Канстытуцыю, як пад сябе заблакаваў свабодную незалежную прэсу, як пад сябе цяпер спрабуе падгарнуць апазыцыйныя брэнды – Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях. Ён стварае будучыню пад сябе, паводле свайго ўяўлення і звілін, сваіх звычак і хваткі. Ён гатовы ісці да канца. Нягледзячы ні на што.

З пабудовай АЭС утульнасьці, магчыма, і стане больш у офісах і кватэрах, спраўней запрацуюць вытворчасці на абагачэнне карпарацый, з’явіцца больш дарог, якія адчыняць доступ да нечапаных ці малазабруджаных месцаў, але ў паветры паменее кіслароду, гожых краявідаў, натуральных улонкаў, лясоў, месцаў дзікай прыроды. Без адчуваньня калапсу яны пачнуць незваротна ўходацца, бо гэта будзе новы віток антрапагену і агрэсіўнага гаспадарчага ўціску. Але ці толькі? Хіба ўжо не перасцерагае Чарнобыль, чацвёрты блок, перасяленне раёнаў?

Прыгадаем: народнае чарнобыльскае шэсце, што сёлета ладзілася ў 21-я ўгодкі нацыянальнай трагедыі, улада ўсімі дзейнымі сродкамі зноў, як і летась, спіхнула на шчарбатыя вулічныя ходнікі. Народны Чарнобыльскі шлях стаў чарнобыльскай сцежкай, а прэзідэнцкі картэж у пацярпелыя раёны, з падачы БТ, ператварыўся ў чарнобыльскі шлях.

І такім, надзвычай цынічным чынам А.Лукашэнка расчышчае сабе шлях да сваёй будучыні.

Аднак пабудаваць АЭС – не тое самае, што, скажам, піўны павільён у Зялёным лузе. Ці нават веславальны канал пад Заслаўем -- другі запар, што абыдзецца, разам з першым у Берасці, за сотню мільёнаў даляраў. Тут рахунак ідзе на мільярды. І на гады. Для супраціву, антыядзерных пратэстаў і масавых выступаў ёсць запас часу. У А.Лукашэнкі, здаецца, яго бракуе. Можа, у АЭСізацыі краіны ён бачыць сваё ўратаванне.

З аднаго боку, дэманстрацыя амбіцый. З другога – ці не прыхаваныя планы пераключэння тэхналогіяў “мірнага атаму” на тэхналогіі атамнай зброі? Хто кажа, што гэта немагчыма тэхнічна, той хутчэй памыляецца.

Замест АЭС-праекту ці трэцяга веславальнага канала я прапанаваў бы Аляксандру Лукашэнку пабудаваць Народны музей Чарнобылю (будынак на Кастрычніцкай плошчы, сённяшні Палац рэспублікі, называны ў 90-я саркафагам) або стварыць асобны, таксама Народны, чарнобыльскі тэлевізійны канал.

На нас, беларусах, сёння ляжыць маральна-этычная адказнасць: як паставіцца да АЭС, да ядзернай энэргіі. Бо гэта ў нас – Чарнобыль і гэта ў нас, на нашай зямлі ніколі не было атамных электрастанцыяў. Мы белыя, мы чыстыя, але ж мы і ахвяры, мы пацярпелыя, і сёння маем поўнае права сказаць пра свой маральны выбар паміж АЭС і не-АЭС, паміж калапсам і жыццём.

Апошнія навіны