BE RU EN

Заключэнне АБСЕ: Бамбаванне Грузіі было здзейсненае Расеяй

  • 18.10.2007, 11:14

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Грузіі Давід Дундуа паведаміў: эксперты АБСЕ пацвердзілі, што абстрэл тэрыторыі Грузіі 6 жніўня быў здзейснены расейскім самалётам.

"У выніку сустрэчы, якая адбылася ў штаб-кватэры АБСЕ ў сераду па пытанні бамбавання сяла Цыцелубані (каля зоны грузіна-асяцінскага канфлікту) група экспертаў АБСЕ прыйшла да высновы, што бамбаванне было ажыццёўленае расейскім бокам", – сказаў Дундуа на брыфінгу ў сераду.

Паводле яго слоў, група экспертаў АБСЕ заслухала заключэнні трох экспертных груп, у тым ліку і расейскай, пасля чаго і зрабіла такую выснову.

"Гэта была тэхнічная ацэнка, пасля якой могуць быць рэкамендацыі наконт таго, як пазбегнуць такіх інцыдэнтаў у будучыні, чаго і дамагалася Грузія", – сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Грузіі.

Начальнік штаба ВПС РФ генерал-лейтэнант Ігар Хвораў лічыць, што Грузія інсцэнавала ракетны абстрэл сваёй тэрыторыі, у якім яна абвінавачвае Расею.

"Гэта грубейшая правакацыя з боку Тбілісі", – заявіў ён пасля пасяджэння форума па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі АБСЕ.

"Прадэманстраваныя расейскім спецыялістам "астаткі ракеты Х-58, якая не разарвалася," прадстаўляюць сабою набор разрозненых фрагментаў, якія належаць авіяцыйным боепрыпасам, што вызначаюцца па тыпе, часу вытворчасці і краіне-вытворцу", – адзначыў намеснік Глаўкома.

Больш за тое, паводле яго слоў, паводле дадзеных грузінскага боку, цэнтральны адсек ракеты, дзе напісаны нумар і год яе вырабу, быў знішчаны, а варонка ад выбуху дбайна засыпаная, што зрабіла немагчымым правядзенне яе экспертызы.

Пры гэтым Хвораў падкрэсліў, што пасля распаду СССР у Грузіі засталося каля 2 тысяч савецкіх ракет Х-58, якія былі ўтылізаваныя.

Ён таксама цалкам выключыў магчымасць парушэння грузінскай паветранай прасторы расейскім самалётам Су-24. Дадзеныя грузінскіх радараў Хвораў назваў "відавочнай анімацыяй".

Наконт сведчанняў пра тое, што самалёт бачылі візуальна, ён заявіў, што на вышыні двух тысяч метраў на якой, як сцвярджае Тбілісі, ляцеў самалёт, немагчыма ўбачыць яго апазнавальныя знакі. "Увогуле Су-24 і Су-25, які стаіць на ўзбраенні грузінскіх ВПС, на такой вышыні ды яшчэ пры хуткасці 800-900 кіламетраў у гадзіну і ў горных умовах цяжка адрозніць", – сказаў генерал.

"Палёт быў здзейснены днём, над населенымі пунктамі, над наглядальнымі пастамі АБСЕ, іншымі словамі было зробленае ўсё, каб самалёт убачылі", – адзначыў ён.

Апошнія навіны