Лукашэнка зноў гаворыць пра верагоднасць вяртання ядзернай зброі ў Беларусь?
- 18.10.2007, 15:42
Сёння падчас інтэрв'ю японскаму інфармацыйнаму агенцтву «Кіода Цусін» Аляксандр Лукашэнка зноў разважаў на тэму верагоднага размяшчэння на беларускай тэрыторыі ядзерных узбраенняў. Прычым настальгаваў Лукашэнка пра ракеты з ядзернымі боегалоўкамі ў кантэксце планаў ЗША па стварэнні ракетнага шчыта ва Усходняй Еўропе.
Пра тое, што гэтыя тэмы абмяркоўваліся падчас сустрэчы Лукашэнкі з японскімі журналістамі, паведаміла яго прэс-служба, аднак ніякіх пэўных цытат пакуль не прывяла.
Беларускі кіраўнік таксама закрануў перспектыву развіцця беларуска-японскіх стасункаў, уключаючы пытанне магчымага супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы атамнай энергетыкі.
«Такія прапановы мы ўжо накіравалі японскаму боку для ўдзелу ў конкурсе. Японія валодае самымі высокімі тэхналогіямі ў гэтай сферы, і мы б вельмі хацелі супрацоўнічаць, калі гэтага захоча Японія. А вы хочаце супрацоўнічаць з намі па будаўніцтве АЭС, то, калі ласка, прапаноўвайце варыянты», – цытуюць Лукашэнку афіцыйныя крыніцы.
З слоў Лукашэнкі вынікае, што будаўніцтва АЭС у Беларусі пачнецца не раней за 2010 год.
«Калі мы пачнём будаўніцтва АЭС у 2010 годзе, то я думаю, што да 2014 або да 2015 года мы пабудуем першы рэактар», – сказаў Лукашэнка ў інтэрв'ю.
Па выніках 2006 года аб'ём гандлю паміж Беларуссю і Японіяй склаў $147 млн. (рост у 2,3 разы ў параўнанні з 2005 годам). За студзень–жнівень 2007 года таваразварот перавысіў $160 млн.
У структуры беларускага экспарту асноўнае месца займаюць сухое малако, інтэгральныя мікрасхемы, шкловалакно, аптычныя і вымяральныя прылады, лазеры, лінзы. З Японіі ў Беларусь пастаўляюцца аўтамабілі, апаратуру для сувязі, фотакапіравальныя машыны, аўтапагрузчыкі, дарожная тэхніка, машыны для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі.
«Мы ў самай блізкай перспектыве будзем вельмі актыўна дзейнічаць на японскім кірунку, і мне здаецца, што Японія адкажа тым жа. Таму што ёй выгодна супрацоўнічаць з намі і выкарыстаць Беларусь як плацдарм у цэнтры Еўропы для эканамічнай экспансіі на Захад і ў іншыя дзяржавы», – сказаў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў ролю Японіі ў пытаннях пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.