Беназір Бхутта вярнулася ў Пакістан пасля 8-гадовага замежнага выгнання
- 18.10.2007, 16:52
Самалёт, на борце якога знаходзіцца лідэр Пакістанскай народнай партыі Беназір Бхутта, у чацвер здзейсніў пасадку ў аэрапорце пакістанскага горада Карачы, паведамляе "Інтэрфакс". Для сустрэчы былога прэм'ера краіны Беназар Бхутта ў гэты найбуйнейшы горад Пакістана прыбылі не менш за 1 млн яе прыхільнікаў.
Напярэдадні яе вяртання пасля шматгадовага выгнання ў Карачы прынятыя ўзмоцненыя меры бяспекі – размешчаныя падраздзяленні колькасцю каля 20 тысяч вайскоўцаў і паліцыянтаў, перакрытыя шматлікія аўтадарогі, зачыненыя школы.
Незадоўга да вяртання Бхутта пакістанскія экстрэмісты выступілі з папярэджаннем аб магчымасці яе забойства. Каментуючы гэтыя заявы, Бхутта ў эфіры пакістанскага тэлеканала Geo паведаміла: "Я цяпер не думаю пра смерць, я вяртаюся да народа Пакістана, і я веру, што ўсё будзе добра".
Бхутта з'яўляецца старшынёй Пакістанскай народнай партыі. Яна вяртаецца на радзіму для таго, каб узяць удзел у прызначаных на студзень парламенцкіх выбарах, у выпадку перамогі на якіх яна ў трэці раз зможа заняць пасаду прэм'ер-міністра.