Юхневіча схапілі ў другі раз – за «Свабодны тэатр»
- 18.10.2007, 17:56
Дэмакратычнага актывіста Паўла Юхневіча сёння не вызвалілі з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна, дзе ён адбыў 7 сутак арышту за ўдзел у падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша. З спецпрыёмніка яго павезлі ў суд Савецкага раёна Менска. За прысутнасць на спектаклі "Свабоднага тэатра" супраць яго быў складзены пратакол нібыта за "нецэнзурную лаянку".
22 жніўня ў 20.30 супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) уварваліся ў прыватны дом у раёне плошчы Бангалор у Менску, дзе праходзіў прэм'ерны спектакль беларускага "Свабоднага тэатра" па п'есе Эдварда Бонда "11 кашуль". Былі затрыманыя больш за 50 гледачоў спектакля, у тым ліку кіраўнік тэатра Мікалай Халезін і яго жонка Наталля Каляда, акцёры тэатра, французскі рэжысёр Крысціян Бенедэтцці, кіраўніцтва французскага тэатра-студыі "Артфотвіль" і два выкладчыкі адной з галандскіх вышэйшых тэатральных школ. Праз 5 гадзін акцёры і гледачы былі вызваленыя. Пратакол быў складзены толькі ў дачыненні моладзевага актывіста Паўла Юхневіча.
Нагадаем, што Павал Юхневіч сёння павінен быў выйсці на свабоду пасля 7 сутак арышту. Паўла Юхневіча затрымалі 11 кастрычніка на тэрыторыі менскага мікрараёна Сухарава разам з другім моладзевым актывістам Мікітам Сасімам. Да актывістаў падыйшлі людзі ў цывільным, паказаўшы пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі, і заявілі, што моладзевыя актывісты нібыта падазраюцца ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Што гэта за "злачынства", міліцыянты не ўдакладнілі. Пры гэтым пры затрыманні Мікіту Сасіму нават надзелі кайданкі…