За любоў да Еўропы выключаюць з універсітэта
- 19.10.2007, 14:08
Дэмакратычнай актывістцы і праваабаронцы Святлане Гарохавік прыстрашылі выключэннем з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта за ўдзел у арганізацыі Еўрапейскага Марша. У спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, дзе дзяўчына адбывала 15 сутак арышту, прыйшоў супрацоўнік КДБ і заявіў, што ва ўніверсітэце дзяўчына больш вучыцца не будзе.
Святлана Гарохавік, студэнтка 4 курсу факультэта прыкладнай матэматыкі і інфарматыкі БДУ, была затрыманая ў Менску 1 кастрычніка разам з дэмакратычнымі актывістамі Змітром Бародкай і Леанідам Навіцкім. Амапаўцы, схлусіўшы ў судзе, абвінавацілі апазіцыянераў у «нецэнзурнай лаянцы», і актывістаў прысудзілі да 15 сутак арышту.
Як паведаміла Святлана Гарохавік прэс-цэнтру Хартыі’97, супрацоўнік КДБ, які назваўся Міхаілам Піваваравым, прыйшоў да яе ў спецпрыёмнік-размеркавальнік на трэці дзень адбывання арышту. Пагражаў выключэннем з універсітэта. Заяўляў, што маецца ўказ Лукашэнкі аб тым, што ў выпадку нават адміністрацыйнага затрымання, студэнтаў неабходна неадкладна выключаць з універсітэтаў.
У камеры, дзе сядзела Святлана Гарохавік, адбывалі пакаранне яшчэ 12 чалавек, у асноўным – за бытавое хуліганства, крадзеж. Была нават адна наркаманка. У першыя ж дні ў Святланы выкралі ў камеры куртку. Уначы адна з сакамерніц, калі яе адпускалі на свабоду, захапіла з сабою рэчы дзяўчыны. Праваабаронца напісала скаргу. Праз некалькі дзён сваякі зладзейкі прынеслі Святлане другую куртку – вельмі танную, на тры размеры больш. Святлана забрала скаргу, бо за крадзеж у дачыненні той жанчыны маглі ўзбудзіць крымінальную справу. Паводле яе слоў, куртка не была вартая таго…
З прычыны страшнага холаду ў камеры Святлана захварэла – два дні трымалася тэмпература 38 градусаў. Акрэсцінская лекарка дала Святле толькі таблетку парацэтамолу. Адзін раз па-за раскладам прынеслі шклянку гарачай гарбаты. На гэтым «лячэнне» скончылася.
Есці турэмную ежу было немагчыма. «Мяне ўвесь час нудзіла – ежа вельмі прэсная, без солі… Часам прыходзілася галадаць», – распавядае Святлана.
З камеры апазіцыянерку не выпускалі, хоць іншых арыштантак выводзілі на працу штодня.
Калі Святлана вярнулася ва ўніверсітэт пасля мінання тэрміну арышту, яе адразу ж выклікаў да сабе ў кабінет намеснік дэкана па навучальна-выхаваўчай працы факультэта прыкладнай матэматыкі і інфарматыкі Дзмітрый Базылеў. Намеснік дэкана сказаў, што з прычыны таго, што Святлана Гарохавік затрымліваецца міліцыяй ужо другім разам (летась дзяўчыну затрымалі падчас акцыі салідарнасці, але вызвалілі без складання пратаколу), то вялікая верагоднасць, што яна будзе выключаная. «Ва ўсялякім выпадку рашэнне будзе прымаць дэкан факультэта і шэраг вышэйшых асоб», – даслоўна працытавала словы намесніка дэкана Святлана.
Цяпер улады з гонарам распавядаюць, як яны любяць Еўропу, і як яны дазволілі Еўрапейскі Марш. Але насамрэч яны праводзілі рэпрэсіі напярэдадні Еўрапейскага Марша, і працягваюць іх праводзіць пасля акцыі.
Усё запэўненні ў любові да Еўропы і ўласнай «дэмакратычнасці» – ні што іншае, як спроба падмануць еўрапейцаў. Рэжым Лукашэнкі застаецца дыктатарскім па сваёй прыродзе. І не толькі не думае прымаць 12 прапаноў ЕЗ, а наадварот узмацняе рэпрэсіі.