BE RU EN

Канфлікт паміж Ізраілем і Беларуссю: дыпламатычная прысутнасць у Менску «рэальна паніжаная»

  • 19.10.2007, 14:27

Інфармацыю пра тое, што амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зееў Бэн-Ар’е адкліканы для кансультацый у Тэль-Авіў у сувязі з нядаўнімі антысеміцкімі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі, распаўсюдзілі ўвечары 18 кастрычніка ізраільскія СМІ. Прыводзілася таксама заява міністра замежных спраў Ізраіля Цыпі Ліўні, якая рэзка адрэагавала на выказванні прэзідэнта Беларусі. "Сусветныя лідэры павінны ўзяць на сябе адказнасць за барацьбу супраць антысемітызму, які паднімае выродлівую галаву ў розных частках свету, а не заахвочваць яго", – заявіла кіраўніца ізраільскага МЗС.

Сёння амбасада Ізраіля ў Беларусі паведаміла, што амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зееў Бэн-Ар’е не быў адкліканы ізраільскімі ўладамі, а адбыў у водпуск разам з сям'ёй. Разам з ім з Менска выехаў першы сакратар амбасады Ігаль Койфман з сям'ёй.

«Знешнепалітычнае ведамства Ізраіля агучыла сваю пазіцыю адносна выказванняў Аляксандра Лукашэнкі і рэальна панізіла дыпламатычную прысутнасць у Менску. Разам з тым, МЗС Ізраіля вырашыў не "спальваць масты" і не абвясціў пра водгук амбасадара на кансультацыі, бо такі крок пацягнуў бы за сабою адказную меру – водгук беларускага амбасадара. У практыцы двухбаковых стасункаў ужо было закрыццё амбасады Ізраіля ў Беларусі, у адказ на што беларуская амбасада прыпыняла выдачу віз ізраільскім грамадзянам», – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 палітычны аглядальнік Павал Быкоўскі.

Нагадаем, на прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка А.Лукашэнка сказаў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжаная трава была, як у Маскве, у расейцаў, беларусаў".

17 кастрычніка амбасадар Ізраіля З.Бэн-Ар’е выказаў "здзіўленне і шкадаванне" з нагоды выказванняў кіраўніка Беларусі ў адрас габрэяў. "У гэтых выказваннях чуецца водгалас, як я спадзяваўся, даўно пахаванага гісторыяй міфа аб габрэях неахайных, брудных, якія дрэнна пахнуць, міфа антысеміцкага", – адзначыў дыпламат.

Апошнія навіны