Віктар Івашкевіч можа стаць лідэрам Партыі БНФ
- 21.10.2007, 13:55
20 кастрычніка ў Менску адбыўся сойм Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Ён быў прысьвечаны пытаньням падрыхтоўкі да зьезду партыі, які адбудзецца 8 сьнежня. На сойме намесьнік старшыні партыі Віктар Івашкевіч заявіў пра намер балятавацца на пасаду старшыні Партыі БНФ.
У выступе Віктар Івашкевіч абгрунтаваў сваю пазыцыю. “Для ператварэньня Партыі БНФ з маленькай партыі, адной зь невялічкіх партыяў аб’яднаных дэмсілаў, у масавую партыю, якая б была лідэрам АДС, фронт мусіць ініцыяваць і ўзначаліць масавую кампанію. Такая кампанія мною была абвешчана пасьля правядзеньня акцыі “Эўрапейскі марш” пад назвай “Кампанія “Эўрапейскі марш”, -- заявіў палітык.
Спадар Івашкевіч падвёў вынікі Эўрапейскага маршу. Ён заявіў, што ўдалося мабілізаваць дыпляматычную падтрымку. Упершыню эўрапейскія дыпляматы прынялі непасрэдны удзел у канкрэтнай акцыі апазыцыі. Паводле спадара Івашкевіча, удалося займець падтрымку акцыі ад усіх дэмсілаў, паведамляе "Радыё Свабода".
Віктар Івашкевіч выклаў на сойме прапановы па разгортваньні “Кампаніі “Эўрапейскі марш”. Яна будзе мець некалькі накірункаў: “За эўрапейскую Беларусь”, “За свабоду палітвязьняў”, “За свабодныя выбары” і “За дэмакратычных дэпутатаў”. Падчас кампаніі прапануецца пачаць масавую вэрбоўку валянтэраў Эўрапейскага маршу. А таксама каардынаваць дзеяньні эўрапейскіх структураў і ўнутры краіны.
Спадар Івашкевіч прапанаваў скласьці сьпіс зь дзьвюх тысяч чалавек, якія дадуць згоду ўвайсьці у выбаркамы. І гэты сьпіс давесьці да замежных дыпляматаў, каб патрабаваньне іх уключэньня ў камісіі стала ўмовай эканамічных праектаў Эўропы і Беларусі. Агітацыйная кампанія мусіць весьціся ў канкрэтных выбарчых акругах дзеля рэальнага атрыманьня большай паловы галасоў. Таксама спадар Івашкевіч выказаўся за правядзеньне масавай акцыі 25 сакавіка.
“Гэта можна рабіць, калі фронт гэта будзе непасрэдна ўзначальваць. Калі старшыня фронту будзе ісьці наперадзе гэтага руху пэрсанальна. Я бачу сваю задачу мабілізаваць увесь фронт на рашэньне задач, якія перад намі стаяць. З тым, каб усе, хто належыць да розных груповак, працавалі разам. Я лічу, што кіраўнік фронту можа быць паўнавартасным, моцным партнэрам, у тым ліку і Мілінкевіча, калі той захоча рэальна працаваць у змаганьні за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі. Але старшыня партыі мусіць быць асобай, якая праяўляе ініцыятыву, бярэ на сябе адказнасьць і выконвае ўзятыя на сябе пляны”.
Таксама сойм ухваліў шэраг акцый, прымеркаваных да Дзядоў і Дня памяці. 27 кастрычніка аб 11 гадзіне ў Курапатах ладзіцца талака падчас якой чакаецца ўзнаўленьне паламанага вандаламі Крыжа “пакутнікам Беларусі” . 27 кастрычніка пройдзе традыцыйнае ўшанаваньне памяці братоў Каліноўскіх у Сьвіслачы. 28 кастрычніка будзе падтрымана шэсьце у Курапаты, якое ладзіць КХП. 29 кастрычніка плянуецца сабрацца ва ўрочышчы Курапаты і адтуль наведаць мэмарыяльныя месцы масавых расстрэлаў.