Менгарвыканкам забараніў сацыял-дэмакратам пікеты на Бангалор
- 22.10.2007, 9:50
Менгарвыканкам адмаўляецца вусна паведамляць інфармацыю пра дазвол або забарону пікетаў салідарнасці з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандрам Казуліным. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч.
Паводле яго слоў, 8 кастрычніка ў Менгарвыканкам былі пададзеныя тры заяўкі на правядзенне 24 кастрычніка пікетаў у трох месцах, якія ўсталяваныя рашэннем гарадскіх улад для правядзення масавых мерапрыемстваў: у парку Дружбы народаў (плошча Бангалор), на вуліцы Арлоўскай і ў парку 50-годдзя Кастрычніка. Акцыі прымеркаваныя да гадавіны 53-дзённай галадоўкі А.Казуліна. Удзельнікі пікетаў маюць намер патрабаваць неадкладнага вызвалення экс-кандыдата ў прэзідэнты, які, як яны мяркуюць, быў асуджаны па палітычных матывах.
Увечары 19 кастрычніка І.Рынкевіч размаўляў з кіраўніком ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі сталіцы Генадзем Курбекам. "Мне было заяўленае, што ніякага рашэння агучана не будзе, а афіцыйныя адказы арганізатары пікетаў атрымаюць па пошце", – сказаў І.Рынкевіч.
Як паведаміў палітык, адзін адказ ужо атрыманы. "Менгарвыканкам забараніў нам правядзенне пікету ў Менску на плошчы Бангалор, бо, як вынікае з адказу, у гэты ж час на гэтым жа месцы павінен прайсці іншы пікет, прысвечаны чарнобыльскай тэматыцы. Тым не менш мы маем намер прыйсці на Бангалор, праверыць, ці насамрэч там будзе праходзіць акцыя, і скласці адпаведны акт", – паведаміў І.Рынкевіч.