BE RU EN

Прэзідэнт Кыргызстана распусціў парламент

  • 22.10.2007, 10:16

Прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў у панядзелак, як і чакалі, падпісаў указ аб роспуску парламента краіны. Пра гэта сёння паведамілі ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Падставай для гэтага рашэння Бакіева сталі папярэднія дадзеныя ЦВК аб выніках рэферэндуму па пытанні новай рэдакцыі Канстытуцыі, які адбыўся ў мінулую нядзелю. Пакуль не паведамляецца, калі адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары.

Нагадаем, у нядзелю ў Кыргызстане адбыўся рэферэндум па праекце новай Канстытуцыі, прапанаваным прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым. Як паведамлялася, у выпадку станоўчага зыходу галасавання прэзідэнт выдасць указ аб роспуску дэпутацкага корпуса цяперашняга склікання і правядзенні датэрміновых выбараў у парламент. Акрамя таго, у выпадку прыняцця новай канстытуцыі ўрад краіны на чале з прэм'ерам Алмазбекам Атамбаевым абавязаны будзе падаць у адстаўку.

Паводле папярэдніх дадзеных, абвешчаных у панядзелак на прэс-канферэнцыі прадстаўнікамі Цэнтрвыбаркаму Кыргызстана, большасць выбаршчыкаў – каля 75 працэнтаў – прагаласавалі за змяненне асноўнага закона.

Па словах прэзідэнта, у гэтым варыянце асноўнага закона ўлічаныя ўсе заўвагі і прапановы сябраў канстытуцыйнай нарады, экспертаў і апазіцыі. Новая рэдакцыя пашырае паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы і змяняе паўнамоцтвы парламента, аднак скарачае паўнамоцтвы ўрада, і робіць яго падсправаздачным адначасова і прэзідэнту, і заканадаўцам.

Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што дзякуючы паспяховаму завяршэнню галасавання ў Кыргызстана адбудзецца размежаванне паўнамоцтваў усіх галін улады. Галоўным новаўвядзеннем Бакіеў лічыць правядзенне парламенцкіх выбараў па партыйных спісах, паведамляе ІТАР-ТАСС.

У прэс-службе нагадалі, што "Канстытуцыя лічыцца ўхваленай, калі за яе на рэферэндуме прагаласавалі больш за палову ўсіх выбаршчыкаў, уключаных у спісы выбаршчыкаў".

Апошнія навіны