BE RU EN

Аркадзь Мошэс: «Логіка гістарычнага працэсу працягвае разводзіць Беларусь і Расею»

  • 22.10.2007, 10:27

У дзень візіту ў Менск прэм'ер-міністра Расеі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі. Ці выпадковае гэтае супадзенне, і як будуць надалей будавацца стасункі Беларусі з Расеяй і ЕЗ?

Старэйшы навуковы супрацоўнік фінскага інстытута міжнародных стасункаў палітолаг Аркадзь Мошэс, да якога «Немецкая волна» звярнулася за растлумачэннямі, у тым, што візіт расейскага прэм'ера супаў з атрыманнем даўно чаканай згоды на адкрыццё ў Менску прадстаўніцтва ЕК, палітычнай падаплёкі не ўбачыў:

– Не, ніякай інтрыгі я не бачу. Адзінае, што я магу дапусціць, гэта тое, што Аляксандр Лукашэнка спрабуе неяк уздзейнічаць на пазіцыю Масквы еўрапейскай картай. Але, я думаю, што гэта ўсё пакуль дастаткова слабае і наўрад ці зробіць на Маскву то ўздзеянне, на якое, пэўна, разлічвае Лукашэнка.

Пра што кажа той факт, што падчас сваёй шматгадзіннай прэс-канферэнцыі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін ні разу не згадаў пра Беларусь?

– Гэта лагічна. З аднаго боку, нельга казаць, што расейска-беларускія стасункі ідэальныя, таму што яны такімі не з'яўляюцца. З другога боку, не варта казаць і пра тое, што ў гэтых стасунках існуюць нейкія, з расейскага пункту гледжання, канфліктныя моманты.

Насамрэч паміж Масквой і Менскам існуе стратэгічная нявызначанасць. Ніхто не разумее, што рабіць далей. Тым часам, логіка гістарычнага працэсу працягвае разводзіць Беларусь і Расею. У тым жа кірунку дзейнічае і логіка станаўлення рынкавых стасункаў Расеі з яе былымі субратамі па Савецкім Саюзе. Для афіцыйнага Менска гэты працэс вельмі балючы, але Масквой такое рашэнне прынятае і пераглядацца больш не будзе. Таму сённяшняе пасяджэнне Саюзнага Саўміна – гэта ўжо, хутчэй, даніна мінуламу, чым нейкая спроба запусціць рэальна непрацуючы інтэграцыйны механізм.

На Ваш погляд, наколькі далёка можа пайсці беларускі кіраўнік у нармалізацыі стасункаў з Еўропай як бы ў адплату Расеі за жорсткі прагматычны курс?

– Я не думаю, што ён можа пайсці вельмі далёка. Таму што тут дзейнічаюць сістэмныя супярэчнасці. Так, у Еўропе ёсць пункт гледжання, паводле якога ўсялякія мінімальныя крокі з боку Лукашэнкі павінны прывітацца, на іх трэба адказваць. Тым не менш, я думаю, што дамінуючае меркаванне на дадзены момант у Еўразвязе ў тым, што перш, чым далёка ідучая нармалізацыя паміж Беларуссю і ЕЗ стане магчымай, запатрабуецца сур'ёзная лібералізацыя ўнутрыпалітычнага рэжыму ў Беларусі. Я не думаю, што Лукашэнка гатовы пайсці на сур'ёзную лібералізацыю ў краіне, на ўзмацненне элементаў дэмакратыі, таму што ў такім разе ў перспектыве ён наўрад ці зможа пачувацца ўпэўненым. Выходзіць, якую тактыку ні вазьмі, гэта будзе выглядаць, як спроба пераскочыць бездань у два скачкі. Гэта значыць, пастка, у якой апынуўся Лукашэнка, цалкам сур'ёзная. Касметычныя паляпшэнні ў стасунках паміж Менскам і Брусэлем не здольныя аказаць на Маскву сур'ёзнага ўплыву.

Якой Вам бачыцца геапалітычная будучыня Беларусі?

– Калі казаць пра доўгатэрміновую перспектыву, думаю, што Беларусь будзе паўтараць украінскі шлях. Але для гэтага спачатку спатрэбіцца сур'ёзная ўнутрыпалітычная трансфармацыя краіны. Казаць пра часовыя рамкі, пра тое, калі гэта адбудзецца, я не бяруся.

Мне здаецца, тут ёсць варыянты. Масква альбо зноў вернецца да той парадыгмы стасункаў з Еўропай, якой яна была пяць–шэсць гадоў таму, то бок, калі мы казалі пра еўрапейскі выбар Расеі. У гэтым выпадку рэгіён не будзе выпрабоўвацца на разрыў, у рэгіёне не будуць праводзіцца новыя падзяляльныя лініі, і можна будзе нармальна размаўляць не пра геапалітычныя арыентацыі, а пра сур'ёзныя прагматычныя ўзаемадзеянні ўсіх зацікаўленых бакоў. Калі ж стасункі паміж Расеяй і Еўрапейскім Звязам будуць прагрэсіўна пагаршацца, то, думаю, лінія падзелу Еўропы пройдзе па заходніх межах Расеі, а не па заходніх межах Украіны і Беларусі.

Апошнія навіны