Няма мяжы росту цэнаў
- 22.10.2007, 13:00
Міністэрства эканомікі Беларусі падвысіла ўзровень лімітавых адпускных цэнаў на малако, кефір, смятану і тварог, паведаміў "Інтэрфаксу" намеснік міністра эканомікі Уладзімір Адашкевіч.
"У сувязі з падаражаннем кошту малочнай сыравіны (у кастрычніку закупныя цэны падвышаныя на 10% – ІФ), для недапушчэння пагаршэння фінансавага становішча перапрацоўчых прадпрыемстваў і забеспячэння своечасовасці разлікаў з сельгасарганізацыямі за малако, пастановай Міністэрства эканомікі ад 15 кастрычніка 2007 года №180 узровень лімітавых адпускных цэнаў на малако, кефір, смятану і тварог падвышаны з улікам іх павелічэння ў кастрычніку і лістападзе 2007 года ў сярэднім на 3% у месяц, у снежні – да 2%", – паведаміў У.Адашкевіч.
На іншыя віды малочнай прадукцыі, на якія не прадугледжанае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў (масла, сыры, малочныя дэсерты і іншыя), Мінэканомікі рэкамендуе малакаперапрацоўчым арганізацыям, аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму рабіць аналагічнае паэтапнае змяненне цэнаў цягам чацвёртага квартала гэтага года да 2-3% у месяц, у тым ліку на сыры ў кастрычніку гэтага года – да 5%, дадаў намеснік міністра.
На муку пшанічную для хлебапячэння, хлеб і хлебабулачныя вырабы, зернеперапрацоўчыя і пякарныя арганізацыі цяпер для кампенсавання падаражання кошту збожжа новага ўраджаю "здзяйсняюць эканамічна абгрунтаванае паэтапнае змяненне адпускных цэнаў у рамках усталяваных параметраў інфляцыі ў памеры 0,5%, але не вышэй за зацверджаныя міністэрствам эканомікі лімітавыя адпускныя цэны на дадзеную прадукцыю", – зазначыў У.Адашкевіч. Узровень адзіных па рэспубліцы лімітавых адпускных цэнаў быў падвышаны ў жніўні–верасні 2007 года на асноўныя гатункі мукі пшанічнай на 9%, на масавыя віды хлеба і булачных вырабаў – на 5-6%.