Кастрычнік стаў самым дарагім месяцам года
- 23.10.2007, 9:56
У касе прадуктовай крамы даводзіцца пакідаць усё больш і больш грошай. Калі закупляцца некалькі разоў на тыдзень, падаражанне не занадта прыкметнае. Але калі параўнаць цэны на пачатку і напрыканцы месяца, розніца адчувальная.
У кастрычніку нас чакала прыкрая неспадзяванка. Прадуктовы кошык падаражэў адразу на 2140 рублёў. Такога за ўвесь час назірання яшчэ не было! Для параўнання: у верасні наш набор прадуктаў падаражэў на 1160 рублёў. А вось увесну і ўлетку цэны паднімаліся толькі на 500-600 рублёў у месяц, паведамляе «КП в Беларуси».
Чарговым разам змяніліся цэннікі на малочныя прадукты. Больш за тое, у кастрычніку беларусы сутыкнуліся з даўно забытай з'явай – дэфіцытам тавараў гэтай групы. Як прыходзілі ў краму за малаком або кефірам, мы былі змушаныя купляць іх па больш высокай цане. Бо гэтыя прадукты мы абвыклі бачыць на сваім стале кожны дзень.
Цяпер уявіце, што літр малака, які падаражэў на, падавалася б, непрыметную суму ў 90 рублёў, выцягнуў з кашалька дадаткова 2700 рублёў за месяц. На гэтыя грошы можна было б купіць тварог да сняданку (ён, дарэчы, падаражэў на 150 рублёў) або пачак масла (адзіны прадукт з малочнай групы, цана на які не змянілася).
Не дадаюць аптымізму і цэны на мяса і каўбасы. Напрыклад, шторанку сям'я з трох чалавек з'ядае за гарбатай шэсць бутэрбродаў з «Доктарскай». Па прыблізных падліках, аднаго батона і кілаграма каўбасы хопіць на тры такія чаяванні. Гэта значыць, што сям'я такой «набор для сняданку» купляе як мінімум два разы на тыдзень, або восем разоў у месяц. Батон у гэтым месяцы падаражэў на 30 рублёў, а каўбаса на 140. Атрымоўваецца, што сняданкі, якія выраслі ў цане, амаль «з'елі» паездку на маршрутцы або абаненцкую плату за гарадскі тэлефон.
Затое цана на гарэлку застыла на месцы. Так што тыя, хто любіць палепшыць апетыт кілішкам горкай, маглі гэта рабіць без лішніх страт для кашалька…
Ды і традыцыйная закуска да гарэлкі — селядзец — радуе зайздроснай сталасцю. Цана слоіка філе селядца стабільна трымаецца на адзнацы ў 1790 рублёў.
Можна падсаладзіць падаражанне і цукрам, які таксама не даражэе. Яго, у адрозненне ад нашых малочных прадуктаў, суседзі-расейцы купляюць не так ахвотна.
Лідэры месяца
1. Больш за ўсё па кішэні ў гэтым месяцы ўдарыла кураціна. Філе кураня ў пакаванні падаражэла адразу на 1370 рублёў. Калі гаспадыня рыхтуе курыцу для сваёй сям'і кожныя выходныя, то за месяц гэтае падаражанне пазбавіла дамачадцаў чатырох літраў малака.
2. На 180 рублёў стаў даражэйшым сыр. Акрамя таго, з прычыны перабояў з пастаўкамі малочнай прадукцыі на прылаўках крам не заўсёды можна было знайсці сыры менавіта беларускай вытворчасці. Так што беларусам даводзілася пераплачваць і купляць замежныя сыры (яны як мінімум на 6 – 7 тысяч даражэйшыя).
3. На 150 «зайчыкаў» стаў даражэйшым тварог. Амаль на столькі ж змяніўся цэннік на ялавічыну.
Што падаражэла ў кастрычніку?
Хлеб, малако, кефір, ялавічына, свініна, кураціна, тварог, смятана, макароны, сыр, каўбаса «Доктарская», маянэз.
Што патаннела ў кастрычніку?
Ніводны з прадуктаў у нашым спісе не знізіўся ў цане.
На што цэны не змяніліся?
Філе селядца, гарэлка, ёгурт, масла, цукар, кава, яйкі.