Сямашка: «Мы будзем рабіць легкавыя аўтамабілі, і гэта не нашы фантазіі»
- 23.10.2007, 12:40
Урад Беларусі будзе спрыяць стварэнню ў рэспубліцы вытворчасці легкавых аўтамабіляў і шэрагу іншых новых вытворчасцяў, заявіў на пасяджэнні Савета міністраў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.
"У Беларусі неабходна арганізаваць вытворчасць легкавых аўтамабіляў, і гэта не нашы фантазіі", – сказаў У.Сямашка, каментуючы ход рэалізацыі ўрадам дзяржпраграмы імпартазамяшчэння.
Ён нагадаў, што на пачатку года ўрад прыняў рашэнне аб засваенні сёлета вытворчасці 137 імпартазамяшчальных тавараў. Паводле яго дадзеных, за дзевяць месяцаў пастаўленыя на ўнутраны рынак 102 найменні імпартазамяшчальных тавараў.
У.Сямашка таксама падкрэсліў, што "неабходна асвойваць вытворчасць бытавой электратэхнікі". У гэтай сувязі ён паведаміў, што 25 кастрычніка чакаецца візіт кітайскай карпарацыі Midea Group для пачатку практычнай рэалізацыі праекту самай буйной у СНД вытворчасці бытавой тэхнікі. Нараўне з гэтым, на БМЗ плануецца арганізаваць лістапракатную вытворчасць.