Міліцыя сачыла за апазіцыяй у рэгіёнах у дзень Еўрапейскага Марша
- 23.10.2007, 13:31
Дэмакратычны актывіст Анатоль Аскерка звярнуўся ў пракуратуру Барысава са скаргай. Увесь дзень 14 кастрычніка за ім сачылі супрацоўнікі міліцыі і КДБ, каб не дазволіць яму ўдзельнічаць у Еўрапейскім Маршы ў Менску.
Прапануем вашай увазе тэкст скаргі Анатоля Аскеркі, ў якой палітык падрабязна распавядае пра незаконныя дзеянні міліцыянтаў.
-- 12 кастрычніка 2007 г. прыкладна а 18.30 да мяне дамоў завітаў капітан міліцыі, начальнік аддзела аховы правапарадка РАУС г. Барысава Вячаслаў Паўлавец. У ходзе размовы ён задаў мне пытанне, ці збіраюся я ехаць на "Еўрапейскі марш", які мае адбыцца 14 кастрычніка бягучага году, а калі збіраюся, то а каторай гадзіне дакладна і дзе знаходзіцца месца збору іншых планаваных удзельнікаў маршу. Я адказаў, што згаданае мерапрыемства дазволенае ўладамі, таму я маю права на ім прысутнічаць. Капітан Паўлавец сказаў, што добра ведае пра санкцыянаваны характар акцыі, але настойліва параіў у Мінск не ехаць.
14 кастрычніка 2007 г. а сёмай раніцы мне да дому нехта патэлефанаваў. Адказала жонка. Мужчынскі голас запытаўся: ці дома знаходзіцца Анатоль Зянонавіч? Жонка казала, што зараз запросіць мяне да тэлефона. Калі я ўзяў слухаўку, то ў ей ужо былі кароткія гудкі. Навучаны сумным вопытам, я адразу здагадаўся, што супрацоўнікі міліцыі правяраюць, ці я дома, і што мая планаваная паездка ў Мінск можа не адбыцца. Я адразу апрануўся, выйшаў ва двор. За брамкай, метрах у дваццаці, стаяў легкавік з прыватнымі нумарамі, іншамарка. На жаль, нумар машыны я не запомніў. Марку таксама не магу ўзгадаць. Калі я падышоў да машыны, кіроўца адкрыў бакавое шкло. У салоне сядзелі два маладыя чалавекі ў цывільным. Я запытаўся ў іх: што, ахова? Смяючыся, яны адказалі: так, ахова. Тады я патлумачыў, што збіраюся ісці на рынак, ці дазваляюць яны гэта мне зрабіць? Яны адказалі, што няма пытанняў.
Прыкладна а палове на дзевятую раніцы я накіраваўся на аўтобусны прыпынак. Праз некалькі дзесяткаў мэтраў мяне дагнала вышэйзгаданая іншамарка. Запыталі: куды? на рынак? Я адказаў. што так, на рынак. Мне прапанавалі сесці ў машыну. На маю просьбу прадставіцца адказаў адмоўна. Баючыся правакацыяў, калі мяне могуць потым абвінаваціць у непадпарадкаванні супрацоўнікамі міліцыі, я сеў у легкавік. На рынку пад пільным наглядам маіх "целаахоўнікаў" я разам са сваім шваграм зрабіў неабходныя пакупкі Потым мы зноў селі ў аўтамабіль і рушылі ў накірунку дома. Пасля таго, як швагар выйшаў каля свайго дому на вуліцы Батурына, кіроўца ветліва папрасіў прабачэння і сказаў, што яны маюць загад ад кіраўніцтва даставіць мяне ў РАУС.
У кабінеце, куды яны мяне завялі, чалавек у цывільным прадставіўся як "падпалкоўнік Волкаў". Гэта было прыкладна а дзесятай раніцы. На маю просьбу даць тлумачэнні з нагоды майго знаходжання ў РАУС, падпалкоўнік Волкаў адказаў, што яму вядома аб намеры ехаць у Мінск на "Еўрапейскі марш". Тады я зноў згадаў аб тым, што мерапрыемства з’яўляецца санкцыянаваным. Смяючыся, Волкаў сказаў, што ў маіх інтарэсах застацца на момант правядзення акцыі ў Барысаве, каб пазбегнуць магчымых непрыемнасцяў, напрыклад, выкарыстання фізічнай сілы супраць мітынгоўцаў. Дадаў, што бліжэйшы час мы будзем бяседаваць, будзем "вас выхоўваць". Бяседа цягнулася да 13 гадзіны. Потым ён выклікаў тую самую машыну з тымі самымі маладымі людзьмі, на развітанне сказаўшы, што настойліва не рэкамендуе ехаць у Мінск. На гэта я адказаў, што ўжо не паеду, таму як згублены час. На тым жа аўтамабілі мяне адвезлі да хаты. Перакусіўшы, я па просьбе жонкі, накіраваўся ў краму за прадуктамі. За брамкай мяне чакала ўжо знаёмая машына. Гэта была прыкладна а палове на другую гадзіну дня. Пад суправаджэннем машыны я схадзіў у краму. Па дарозе да дому мае ''целаахоўнікі" папярэдзілі мяне, што будуць тэлефанаваць да дому кожную гадзіну, каб правяраць маю прысутнасць дома. Так кожную гадзіну яны тэлефанавалі мне да дому, прадстаўляліся: "Вашы ахоўнікі" і пыталіся, ці я дома? Апошні раз мне патэлефанавалі а 17 гадзіне. Ужо пасля гэтага яны з’ехалі.
На падставе вышэйзгаданага, а таксама кіруючыся арт. 4-6, 14, 27 Закона аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Анатоль Аскерка просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання ў адносінах да пералічаных асоб, якія парушылі яго канстытуцыйнае права на свабоду меркаванняў, перакананняў і свабоднае выяўленне, а таксама на свабоду сходаў, мітынгаў і вулічных шэсцяў, зафіксаваных ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.