Маціас Платцэк: «Дзеля дыялогу я не гатовы адмовіцца ад правоў чалавека»
- 23.10.2007, 16:39
Прэм'ер-міністр Федэральнай зямлі Брандэнбург Маціас Платцэк знаходзіцца з візітам у Беларусі. Нямецкі палітык сустрэўся з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, а таксама ўзяў удзел у другім дыспуце памяці Ёханеса Рау, арганізаваным Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам.
Беларускія ўлады прыводзяць візіт Платцэка ў якасці прыкладу наладжвання стасункаў афіцыйнага Менска з Еўропай. Аднак насамрэч нямецкі палітык заявіў пра мэты паездкі ў Менск наступнае: «Мой візіт нельга лічыць пачаткам палітычнага дыялогу. Дыялог мае на ўвазе не толькі адстойванне сваіх каштоўнасцяў, але і павагу партнёра. Але дзеля дыялогу я не гатовы адмовіцца ад таго, што мне важнае, – напрыклад, правы чалавека. Я прыйшоў у палітыку з праваабарончага руху ГДР і разумею, што пра развіццё можна казаць толькі тады, калі грамадства адкрытае, а дзяржава мае прававую аснову», – заявіў Маціас Платцэк.
У дыспуце, які адбыўся 22 кастрычніка ў Міжнародным адукацыйным цэнтры, апроч прадстаўнікоў улады, з беларускага боку бралі ўдзел таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, сярод якіх Андрэй Саннікаў, Міхаіл Марыніч, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Сяргей Скрабец, Аляксандр Ярашук.
Пра мэту візіту ў Менск прэм'ер-міністра Федэральнай зямлі Брандэнбург распавёў міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў:
«Візіт быў даволі цікавым, бо прэм'ер-міністр зямлі Брандэнбург казаў пра досвед трансфармацыі менавіта на прыкладзе сваёй зямлі. Гэта новая зямля, якая была створаная пасля аб'яднання Нямеччыны, але знаходзілася ва Усходняй Нямеччыне. Досвед трансфармацыі цікавы, бо новая зямля ўтварылася ўжо ў складзе іншай краіны – ФРГ. І Брандэнбургу трэба было прымаць новыя законы, жыць па новых эканамічных і палітычных правілах. З гэтым звязаныя і поспехі, і складанасці развіцця Брандэнбурга. Аднак прэм'ер-міністр казаў, што на сёння большасць немцаў, якія жывуць на гэтай зямлі, задаволеныя сваім жыццём», – паведаміў Андрэй Саннікаў прэс-цэнтру Хартыі’97.
У цэлым, лічыць Саннікаў, для Беларусі карысны досвед такіх трансфармацый. «Аднак Беларусь у адрозненне ад Брандэнбургу пры сваім руху ў Еўропу шмат у чым будзе сама вызначаць тыя ўмовы, якія ёй будуць найбольш падыходзіць. Іншымі словамі, існуюць пэўныя параметры сяброўства ў Еўразвязе, але кожная дзяржава, якая ідзе па шляху інтэграцыі з Еўропай, прыўносіць свае асаблівасці і здольная адстойваць свае інтарэсы», –кажа дыпламат.
Па словах Саннікава, не пазбягаў прэм'ер-міністр зямлі Брандэнбург пытанняў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і прама казаў пра ўмовы любога дыялогу, якія ўключаюць, найперш, захаванне асноўных правоў і свабодаў чалавека. Казаў ён і пра свабоду СМІ, пра палітвязняў, пра тое, што кожнай дзяржаве неабходнае развітая грамадзянская супольнасць.
«Безумоўна, візіт Маціаса Платцэка носіць палітычную афарбоўку. Нямеччына даўно і сур'ёзна цікавіцца Беларуссю. Беларускія ўлады спадзяюцца з дапамогай Нямеччыны пракласці сабе шлях у Еўропу. Але пакуль далей абяцанняў з боку афіцыйнага Менска палепшыць становішча з правамі чалавека, справа не ідзе. Таму нямецкія палітыкі чарговым разам пераконваюцца, хто замінае паляпшэнню стасункаў Беларусі з Еўропай», – адзначыў Андрэй Саннікаў.