BE RU EN

На «святах» Лукашэнкі больш не будуць прадаваць алкаголь?

  • 23.10.2007, 17:38

Камісія па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі мае намер рэкамендаваць для ўключэння ў парадак сесіі парламента пытанне пра змены ў закон аб масавых мерапрыемствах. Па словах намесніка старшыні камісіі Іны Барыевай, гэтае рашэнне плануецца прыняць на пасяджэнні 24 кастрычніка.

У інтэрв'ю БелаПАН І.Барыева адзначыла, што законапраект "Аб занясенні зменаў і дадаткаў у закон Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах" прадугледжвае карэктоўку трох артыкулаў.

Першая папраўка закранае арт. 3 закона. Змены ў дакумент прадугледжваюць, што парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў будзе распаўсюджвацца і на масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца па рашэнні дзяржаўных органаў у дні дзяржаўных святаў, святочныя дні і памятныя даты, што адзначаюцца ў Рэспубліцы Беларусь.

Другая папраўка ўносіцца ў арт. 5 закона. Згодна з законапраектам пры падачы заявы на правядзенне масавага мерапрыемства заяўнік павінен будзе паведаміць у тым ліку і звесткі аб сваім грамадзянстве і даце нараджэння.

Трэцяя папраўка тычыцца ч. 4 арт. 11 закона. Згодна з ёй рэалізацыя алкагольных напояў і піва ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і ў радыусе 500 метраў, якія прылягаюць да іх тэрыторый забараняецца за дзве гадзіны да пачатку і на час правядзення гэтых мерапрыемстваў. Сёння продаж алкагольных напояў і піва забаронены толькі на час правядзення масавых мерапрыемстваў.

І.Барыева паведаміла, што ўсе «парламенцкія» камісіі зрабілі станоўчыя заключэнні па законапраекце. Паводле яе слоў, дакумент будзе разгледжаны на восеньскай сесіі.

Апошнія навіны