BE RU EN

Наталля Пяткевіч: «Для таго каб людзі шанавалі і выхоўваліся, нельга дэвальваваць амністыю»

  • 24.10.2007, 13:04

Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч не лічыць неабходным пашыраць катэгорыю асоб, якія падлягаюць амністыі. Пра гэта яна заявіла, выступаючы 24 кастрычніка ў «палаце прадстаўнікоў» пры абмеркаванні законапраекта аб амністыі, паведамляе БелаПАН.

«У краіне даволі шмат магчымасцяў скарыстацца інстытутам памілавання, – сказала Н.Пяткевіч. – За тыя гады, якія я ўзначальваю камісію па памілаванні, магу сказаць, што сітуацыя па прызначэнні і ўжыванні пакарання радыкальна змянілася».

Н.Пяткевіч, падкрэсліла, што ўжыванне інстытута памілавання дазваляе больш індывідуальна падысці да разгляду кожнай пэўнай справы.

Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта таксама адзначыла, што выключыла б з праекту закона аб амністыі катэгорыю жанчын, якія маюць дзяцей, і цяжарных жанчын. «Летась мы разгледзелі каласальную колькасць прашэнняў ад жанчын з дзецьмі і цяжарных, – сказала яна. – На сёння не здаволеныя толькі тыя хадайніцтвы, дзе маці ўвогуле нельга аддаваць дзяцей».

Н.Пяткевіч лічыць, што рашэнне аб увядзенні інстытута пакрыцця прычыненай дзяржаве эканамічнай шкоды было цалкам правільным. «На днях прэзідэнт падпісаў указ аб памілаванні па 22 з 25 хадайніцтваў ад асоб, якія пакрылі матэрыяльную шкоду», – сказала яна. Па словах Н.Пяткевіч, гэта былі грамадзяне, у якіх меліся запазычанасці па няплаце падаткаў і якія пакрылі суму падатку і пеню.

Наталля Пяткевіч паведаміла, што ў камісію па памілаванні паступае «вялізная колькасць хадайніцтваў ад старшыняў сельскіх саветаў, асуджаных за хабары». «За чэкі «Жыллё» старшыні і сакратары сельсаветаў масава бяруць хабары. У краіне гэты стала тэндэнцыяй», – падкрэсліла Н.Пяткевіч.

Яна таксама заявіла, што ў Беларусі, у адрозненне ад іншых краін, амністыя ўжываецца даволі часта. «Для таго, каб людзі шанавалі і выхоўваліся, нельга дэвальваваць амністыю», – сказала Н.Пяткевіч.

Апошнія навіны