Амбасадар Ізраіля вярнуўся ў Менск. Але канфлікт не вычарпаны
- 25.10.2007, 15:16
Амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі прыступіў да выканання сваіх абавязкаў у дыппрадстаўніцтве пасля тыднёвага адпачынку, які ён разам з сям'ёй правёў на радзіме.
У інтэрв'ю БелаПАН амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зееў Бэн-Ар’е паведаміў, што падчас яго знаходжання на радзіме ў МЗС Ізраіля абмяркоўваліся ўсе пытанні ізраільска-беларускіх стасункаў. "У МЗС Ізраіля з вялікай заклапочанасцю сустрэлі выказванні спадара прэзідэнта Беларусі аб габрэях Бабруйска і Ізраіля, пра што сведчыць заява міністра замежных спраў Цыпі Ліўні і запрашэнне ў МЗС амбасадара Беларусі ў Ізраілі Ігара Ляшчэні для абмеркавання гэтага пытання", – сказаў З.Бэн-Ар’е.
Амбасадар адзначыў, што хоць ён не прысутнічаў на гэтай сустрэчы, з паведамленняў СМІ яму вядома, што І.Ляшчэня казаў пра выказванне ,якое трохі няправільна зразумелі, якому не варта надаваць адмысловай увагі. "Але гэта, на наш погляд, не можа быць тлумачэннем, бо ў наяўнасці розгалас антысеміцкіх матываў, якія гучаць з вуснаў прэзідэнта, нават калі дапусціць, што яго выказванні не былі наўмысным і прадуманым антысеміцкім крокам", – сказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, рэакцыя амбасады і МЗС Ізраіля на выказванні Лукашэнкі гаворыць пра тое, што "абавязкі ў дачыненні габрэйскіх суполак з'яўляюцца адной з галоўных задач нашай дзяржавы".
Дыпламат выказаў надзею, што заклапочанасць ізраільскага боку будзе "правільна зразуметая ў Беларусі, бо само існаванне Дзяржавы Ізраіль прадугледжвае максімальную ўвагу да такіх пытанняў".
Нагадаем, на прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжаная трава была, як у Маскве, у расейцаў, беларусаў".
17 кастрычніка ў каментары БелаПАН З.Бэн-Ар’е выказаў "здзіўленне і шкадаванне" з нагоды выказванняў прэзідэнта Беларусі ў адрас габрэяў. "У гэтых выказваннях чуецца розгалас, як я спадзяваўся, даўно пахаванага гісторыяй чалавецтва міфа аб габрэях неахайных, брудных, якія дрэнна пахнуць, міфа антысеміцкага", – адзначыў дыпламат.