Да Матвіенкі не пусцілі незалежных беларускіх журналістаў
- 25.10.2007, 11:51
У беларускіх журналістаў узніклі цяжкасці з акрэдытацыяй на прэс-канферэнцыю губернатара Санкт-Пецярбургу Валянціны Матвіенкі, якая сёння прыбыла ў Менск з афіцыйным візітам. Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 фотакарэспандэнтка недзяржаўнай газеты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч, у прэс-службе Савета міністраў Беларусі ёй адмовілі ў акрэдытацыі і параілі купіць фатаграфіі губернатара ў афіцыйнага агенцтва БелТА.
Валянціна Матвіенка сёння сустракаецца з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім і Аляксандрам Лукашэнкам. Сустрэча з Сідорскім павінна прайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пасля гэтага павінен адбыцца так званы «падыход да прэсы», падчас якога Матвіенка адкажа на пытанні журналістаў. Аднак у прэс-службе Саўміна Юліі Дарашкевіч паведамілі, што ў бібліятэцы «мала месца» і на гэтае мерапрыемства не быў акрэдытаваны ніводны газетны фотакарэспандэнт – толькі фатографы навінавых агенцтваў.