BE RU EN

Жыхары Бабруйска абураныя выказваньнямі Лукашэнкі

  • 26.10.2007, 10:33

Выказваньні Александра Лукашэнка наконт габрэяў увесь свет назваў “антысэміцкімі”. Заявы пратэсту зрабілі МЗС Ізраіля, Дзярждэпартамент і Кангрэс ЗША, Парламенцкая асамблея Рады Эўропы, габрэйскія аб’яднаньні Эўропы, Расеі і Беларусі. Паводле гэтых заяваў, словы беларускага кіраўніка, якія прагучалі на сустрэчы з расейскімі журналістамі 12 кастрычніка, выклікаюць трывогу. А як адрэагавалі на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі жыхары Бабруйску, пра якіх Лукашэнка сказаў, што яны нібыта жылі “ў брудзе”?

Алесь Чыгір, сябар руху “За Свабоду”:

“Я ехаў у бабруйскім тралейбусе і чуў, як людзі абмяркоўваюць выказваньне Лукашэнкі. Мужчына сталых гадоў сказаў проста: “Ён дагаварыўся!” Я, аднак, ня зьдзіўлены гэтым выказваньнем. У самым пачатку, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, ён ухваляў Гітлера. Далейшыя яго заявы: “Адарваць галовы, пабіць, зьнішчыць!” — гэта значыць, пагрозы фізычнай расправы над актывістамі дэмакратычных сілаў — зьвёны аднаго ланцужку”.

Бабруйчанін Ігар Ходзька:

“Я – сталы жыхар Бабруйска. Таму лічу, што Лукашэнка абразіў ня толькі габрэяў, але і ўсіх бабруйчан. Наш горад талерантны. Зь дзяцінства памятаю, што пачынаем разам адзначаць Пэсах – габрэйскі Вялікдзень, пасьля — каталіцкі й праваслаўны”.

Анатоль Васюкевіч, дэпутат Бабруйскага гарсавету:

“Насамрэч Бабруйск моцна зьмяніўся ў лепшы бок. Было раней бруду больш. Каб было прыгажэй, патрэбныя намогі людзей і больш фінансаў. Цяпер гэта стабілізавана: нарасьцілі жаданьне й трохі больш грошай далі”.

Марат Петлах, сябар Зьвязу беларускіх габрэяў:

“Лукашэнка гаворыць, што бруд ад габрэяў. Але вось могілкі габрэйскія, лічыцца, лепш дагледжаныя. Хаця землякі разьехаліся, але ходзяць на могілкі родныя й сваякі ды даглядаюць месцы пахаваньняў”.

Вячаслаў Сьвізуноў, жыхар Бабруйску:

“Я вельмі шкадую, што габрэі амаль усе нас пакінулі. Гэта былі добрыя і спраўныя людзі. А наконт быццам бы добрага цяпер добраўпарадкаваньня магу параіць паглядзець на мікрараён “Цагельны”. Там увосень трэба хадзіць у гумавых ботах”.

Таіса Кабанчук, жыхарка Бабруйску:

“Тое, што сказаў пра габрэяў Лукашэнка, можна пачуць ад зусім неадукаванага чалавека. Слухайце, Бабруйск калісьці быў нават цэнтрам культуры — дзякуючы менавіта габрэям! І цяпер такое пра іх казаць?! Ня ведаю нават, чаму так заяўляе чалавек на такой пасадзе...”

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Бабруйску цяпер 250 тысяч насельніцтва. Габрэяў у горадзе 4 тысячы, нагадвае “Радыё Свабода”.

Апошнія навіны