Палітвязень Артур Фінькевіч трапіў у СІЗА
- 26.10.2007, 17:23
На моладзевага актывіста Артура Фінькевіча заведзена крымінальная справа. Да суда ён прабудзе ў магілёўскім следчым-ізалятары. Пра гэта паведаміла адвакат палітвязьня Ганна Рыбалка. Паводле яе слоў, актывіста, які адбывае пакаранне на “хіміі” у Магілёве за палітычнае графіці, затрымалі сёння ранкам.
Артура накіравалі ў СІЗА з-за вынікаў медыцынскага агляду пасля працы. Медыкі нібыта высветлілі, што ён знаходзіцца пад уздзеяннем алкаголю. Сам Артур змог паведаміць “Рацыі”, што спірт мог патрапіць у ягоны арганізм з той нагоды, што яму з-за хваробы давялося на працягу некалькіх дзён ужываць настой пустырніка. "Але ж усё роўна гэта б не паказала такіх вынікаў агляду", - сказаў Фінькевіч.
“У яго ўжо чацвёртае спагнанне, а крымінальная адказнасць наступае з трох спагнанняў. Самі спагнанні і наколькі яны правамерныя, я не магу казаць. Мы будзем працаваць па гэтым пытанні. Сустрэча з Артурам прызначаная на аўторак на 15 гадзін. Там будуць усе матэрыялы справы, допыт. Афіцыйна ён затрыманы і сёння будуць яго прадстаўляць на арышт у пракурату. Адпаведна яго перавядуць у следчы ізалятар, дзе ён прабудзе да суда”, -- паведаміла адвакатка для “Еўрарадыё”.