Беларускія дэмакраты сустрэліся з прэм’ер-міністрам Швецыі
- 29.10.2007, 11:06
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сустрэўся з прэм'ер-міністрам Швэцыі Фрэдрыкам Райнфэльдам. У межах ягонага візыту ў Швэцыю, дзе з 26-га па 28-га кастрычніка ў горадзе Еўле (Gavle) адбываўся кангрэс партыі Мадэратаў, таксама адбыліся сустрэчы зь міністрам замежных справаў Карлам Більдтам, міністрам міжнароднага разьвіцьця Гунілай Карлсан, дэпутатамі швэдзкага й эўрапейскага парлямантаў ад партыі Мадэратаў.
"Лічу гэты візыт вельмі плённым. Са швэдзкімі палітыкамі мы размаўлялі пра адкрыцьцё амбасады Швэцыі ў Менску, падтрымку незалежных СМІ ў Беларусі, аб захадах дзеля вызваленьня палітвязьняў ды зьменаў у выбарчае заканадаўства. Таксама дамовіліся пра канкрэтныя справы дзеля разьвіцьця супрацоўніцтва паміж Партыяй БНФ і Партыяй Мадэратаў, якая ёсьць нашым добрым сябрам і асноўным партнэрам у Швэцыі. Я перакананы, што цяперашні швэдзкі ўрад здолее зрабіць шмат дзеля падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі", — пракамэнтаваў вынікі візыту Аляксей Янукевіч.