BE RU EN

Расея адмовілася павялічыць квоту ўвазнога беларускага цукру

  • 29.10.2007, 15:47

Віцэ-прэм'ер Беларусі Іван Бамбіза не здолеў дамовіцца з міністрам сельскай гаспадаркі Расеі Аляксеем Гардзеевым аб павелічэнні на 50 тыс. тон квоты на ўвоз беларускага цукру ў РФ. У той самы час, у канцэрне "Белдзяржхарчпрам" лічаць перамовы дзейснымі, бо была дасягнутая дамоўленасць скласці агульны баланс вытворчасці і спажывання сельгаспрадукцыі да 2012 года.

Іван Бамбіза і Аляксей Гардзееў дамовіліся, што беларускія камерцыйныя фірмы будуць па "некаторых" дамовах пастаўляць у Расею сухое цэльнае і абястлушчанае малако, масла, тварог і ялавічыну, паведамляе БелТА.

У той самы час, ветэрынарныя службы Беларусі і Расеі будуць здзяйсняць сумесныя праверкі беларускіх вытворцаў дадзеных прадуктаў. Падчас перамоваў бакі таксама абмеркавалі агульныя падыходы па кантролі паставак з трэціх краін мяса для глыбокай перапрацоўкі на прадпрыемствах Беларусі.

Раней Тэлеграф паведаміў, што Беларускія склады гатовай прадукцыі затавараныя цукрам і кансервамі. Запасы цукру-пяску на беларускіх прадпрыемствах у 4,2 разы перавысілі сярэднемесячны аб'ём яго вытворчасці. У параўнанні з пачаткам верасня запасы цукру павялічыліся на 32,4%. Пры гэтым аб'ём вытворчасці цукру-пяску знізіўся ў студзені–верасні ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 41%.

Яшчэ адзін від прадукцыі, якога на складах у лішку, – кансервы. Паводле дадзеных на першае кастрычніка, запасы кансерваў у 2,37 разоў перавышаюць сярэднемесячны аб'ём іх вытворчасці ў Беларусі.

У параўнанні з пачаткам года запасы кансерваў павялічыліся на 5,8%, а ў параўнанні з пачаткам верасня – знізіліся на 6,1%.

Апошнія навіны