Іран і МАГАТЭ прыступілі да апошняга раунда перамоваў
- 30.10.2007, 10:00
Тэгеран і Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) прыступілі да заключнага раунда перамоваў па іранскай ядзернай праблеме. З іранскага боку ў перамовах удзельнічае прадстаўнік Тэгерана пры МАГАТЭ Жавад Ваідзі, МАГАТЭ прадстаўляе намеснік кіраўніка агенцтва Оллі Хейнанен, паведамляе Associated Press.
Як адзначыў кіраўнік МАГАТЭ Махамед Эль-Барадэі, гэты раунд вельмі важны, бо на ім будзе заснаваны даклад агенцтва па Іране, які выйдзе ў лістападзе 2007 г. Ён таксама заклікаў Тэгеран супрацоўнічаць з МАГАТЭ і зрабіць сваю праграму максімальна празрыстай.
Кіраўнік іранскай Атамна-энергетычнай арганізацыі Махамед Сайедзі выказаў надзею, што на гэтых перамовах атрымаецца вырашыць сітуацыю вакол ядзернай праграмы яго краіны.
Напярэдадні М.Эль-Барадэі заявіў, што ў яго няма дадзеных аб актыўнай распрацоўцы Іранам ядзернай зброі. У інтэрв'ю кампаніі CNN кіраўнік МАГАТЭ адзначыў, што міжнароднай супольнасці варта падыходзіць да праблемы іранскіх ядзерных амбіцый без канфрантацыйнай рыторыкі, а ўжываць сродкі дыпламатыі.
Днём раней аналагічную заяву зрабіў міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтар Штайнмайер. Ён перасцярог міжнародную супольнасць ад вайсковых дзеянняў у дачыненні Ірана. "Вайсковыя аперацыі не дапамогуць вырашыць праблему", – сказаў ён.
Разам з тым 24 кастрычніка г.г. ЗША увялі дадатковыя санкцыі супраць Ірана. Санкцыі закранулі больш за 20 іранскіх кампаній, банкаў і прыватных асоб, а таксама Міністэрства абароны краіны. Вашынгтон спадзяецца, што новыя меры здольныя паўплываць на спыненне ядзернай праграмы Тэгерана і "згортванне тэрарыстычнай актыўнасці краіны".
Паслядоўным саюзнікам ЗША тут выступае Вялікабрытанія. Афіцыйны Лондан не толькі падтрымлівае ЗША, але і мае намер таксама ўдзельнічаць у падрыхтоўцы самастойных санкцый у адрас Тэгерана з боку Еўрапейскага Звязу.