BE RU EN

У Расеі здымаюць фільм пра прыгоды беларуса ў Маскве

  • 30.10.2007, 10:04

Малады рэжысёр, уладальнік "Кінатаўра" Барыс Хлебнікаў працуе над новым праектам пра прыгоды беларускага працоўнага ў Маскве. У якасці здымачнай пляцоўкі ён выбраў Яраслаўль.

У ціхім панадворку Заволжскага раёна Яраслаўля сёння ўжо 6-м разам збіваюць аднаго і таго ж чалавека адны і тыя ж людзі. Па сцэнары новага фільма гэта толькі пачатак непрыемнасцяў галоўнага героя, паведамляе тэлеканал «Ярославия».

Першыя кадры здымалі ў Маскве. Гісторыя тыповая для нашых дзён – гастарбайтэры з Беларусі прыехалі на заробкі. У сталіцы галоўны герой адразу ж губляе з віду сваіх сяброў і спрабуе наладзіць сваё жыццё самастойна. Неспрактыкаваны беларус трапляе ў дзесяткі непрыемнасцяў.

Месца, дзе здымаць пра прыгоды беларуса ў Маскве, выбіралі доўга. "Насамрэч мы маскіруем Яраслаўль пад спальныя раёны Масквы. У Маскве вельмі складана здымаць, таму што неспакойна і вельмі шмат міліцыі, і на ўсё трэба дазвол. У Яраслаўлі вельмі спакойна, народ лагодны, усюды ўсё дазваляюць рабіць", – растлумачыў рэжысёр-пастаноўшчык Барыс Хлебнікаў.

Назовы ў карціны пакуль няма. Вядома, што фільм поўнаметражны, галоўную жаночую ролю іграе Ганна Міхалкова. Здымкі працягнуцца ў Яраслаўлі да канца гэтага года. А прэзентацыю новай карціны плануюць на восень 2008 года.

Апошнія навіны