BE RU EN

Перадзел піўнога рынку

  • 30.10.2007, 10:53

Магчымы продаж стратэгічнаму інвестару кампаніі «Сябар» і нядаўна абвешчаны сыход з пасады яе кіраўніка Сяргея Левіна – гэта толькі першыя сур'ёзныя перамены на піўным рынку краіны. Неўзабаве мы можам стаць сведкамі не менш цікавых падзей на двух іншых лідэрах галіны – на «Лідскім піве» і «Аліварыі».

На «Лідскім піве», якое доўгі час вяло перамовы аб прыцягненні інвестыцый галандскай кампаніі Heineken (яна, судзячы з усяго, мае намер усё-ткі засяродзіцца на бабруйскім «Сябре»), неўзабаве можа з'явіцца больш рэальны інвестар. Гаворка ідзе пра фінскую групу Olvi Oyj.

Афіцыйна гэтую інфармацыю на «Лідскім піве» не пацвярджаюць, але і не аспрэчваюць, заяўляючы, што цяпер вядуцца перамовы з шэрагам патэнцыйных інвестараў, у лік якіх уваходзіць і вышэйназваная кампанія Olvi. Паводле інфармацыі «Ежедневника», Olvi з'яўляецца найбольш рэальным інвестарам лідскага піўзавода.

Паводле інфармацыі ж з канцэрна «Белдзяржхарчпрам», пра пагадненне паміж «Лідскім півам» і фінскай групай павінна было быць абвешчанае яшчэ пару тыдняў таму. Але, відаць, умяшаліся нейкія форс-мажорныя акалічнасці, якія не дазволілі гэтага зрабіць у тэрмін.

Тым не менш перамовы працягваюцца. Для фінаў «Лідскае піва» з'яўляецца цалкам лагічным набыццём у плане ўмацавання пазіцый кампаній на рынках постсавецкіх краін. Цяпер у склад групы ўваходзяць заводы ва ўсіх краінах Балтыі – у Эстоніі, Латвіі і Літве. Гэта, у прыватнасці, AS A. Le Coq у Эстоніі (Olvi належыць у ім 100% акцый), A/S Cesu Alus у Латвіі (97,89%) і больш знаёмы беларусам завод у Літве – AB Ragutis (98,96%). Таксама напэўна ў беларусам магчыма вядомы безалкагольны напой Lordi Cola, які нядаўна з'явіўся ў прадуктовай лінейцы групы Olvi і названы так у гонар фінскага пераможца «Еўрабачання».

Што тычыцца “Аліварыі”, якая з снежня мінулага года ўваходзіць у склад транснацыянальнай групы BBH, то тут неўзабаве магчымае змяненне кіраўніцтва. BBH, па некаторых дадзеных, мае намер выкупіць долю ў ААТ «Аліварыя», якая належыць топ-мэнэджменту завода на чале з яго цяперашнім кіраўніком Міколам Дудко. Таксама BBH з мэтай павелічэння магутнасцяў прадпрыемства, у якім, як вядома, яму належыць 30% акцый, разглядае магчымасці будаўніцтва новага завода за межамі Менскай кальцавой дарогі. Пакуль, праўда, перамовы з мясцовымі ўладамі аб вылучэнні транснацыянальнай кампаніі зямельнага ўчастку не завершаныя.

Апошнія навіны