З студзеня значна падаражэюць стаматалагічныя паслугі
- 30.10.2007, 14:45
У Беларусі з студзеня 2008 года чакаецца значнае падвышэнне цэн на стаматалагічныя паслугі. Пра гэта сёння журналістам паведаміў галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі доктар медыцынскіх навук, прафесар Сямён Навумовіч.
Паводле яго слоў, апошняе падвышэнне цэн на гэтыя паслугі праведзенае ў траўні гэтага года, калі яны павялічыліся на 10-15%. На колькі яны павысяцца гэтым разам, цяпер узгадняецца. Неабходна яшчэ канкрэтызаваць віды стаматалагічных паслуг, якія будуць аказвацца грамадзянам розных катэгорый па-ранейшаму бясплатна.
Меркаванае падвышэння цэн на стаматалагічныя паслугі абумоўленае павелічэннем іх рэальнага кошту, адзначыў Сямён Навумовіч.
Ён таксама паведаміў, што ў стаматалогіі Беларусі неабходна ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу і вырашаць пытанні з недахопам лекараў у сельскай мясцовасці. Трэба прывесці навучальныя базы стаматалагічных кафедраў БДМУ, ВДМУ і БелМАПА ў адпаведнасць з навучальнымі задачамі падрыхтоўкі і ўдасканаленні навыкаў лекараў-стаматолагаў.
На сёння ў стаматалагічнай галіне Беларусі працуе каля 9 тыс. чалавек. У рэспубліцы налічваецца 69 стаматалагічных паліклінік, больш за тысячу вялікіх стаматалагічных аддзяленняў і каля тысячы стаматалагічных кабінетаў.