BE RU EN

Амбасадар Беларусі і рэдактар «Советской Белоруссии» растлумачыў Ізраілю заявы Лукашэнкі

  • 30.10.2007, 15:50

30 кастрычніка ў парламенцкай камісіі па звароце грамадзян адбылася сустрэча яе старшыні Софы Ландвер (партыя НДІ) з амбасадарам рэспублікі Беларусь у Ізраілі Ігарам Ляшчэнем і галоўным рэдактарам газеты "Советская Белоруссия" Паўлам Якубовічам.

Па словах Софы Ландвер, сустрэча была ініцыяваная беларускім амбасадарам і насіла тлумачальны характар у сувязі з нядаўнім скандальным выказваннем прэзідэнта рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкам па "габрэйскім пытанні".

«Габрэйскі народ памятае за ўсю сваю шматвяковую гісторыю нямала нанесеных яму крыўдаў. І таму сёння, у XXI стагоддзі, хацелася б, каб такога роду інцыдэнтаў было як мага менш. Стасункі паміж Ізраілем і Беларуссю заўсёды грунтаваліся на прынцыпах самапавагі, і варта іх толькі ўмацоўваць, а не падвяргаць сумненню!» – заявіла Софа Ландвер.

Нагадаем, што 12-га кастрычніка, на прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ ў Менску, Лукашэнка сказаў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжаная трава была, як у Маскве, у расейцаў, беларусаў. Такі горад быў".

Міністр замежных спраў Ізраіля Цыпі Ліўні асудзіла заявы Лукашэнкі, адзначыўшы, што "роля лідэра ў тым, каб змагацца з антысемітызмам... а не заахвочваць яго". Яна таксама сказала, што "антысемітызм з'яўляецца, найперш, індыкатарам грамадства, у якім ён з’яўляецца, і індыкатарам яго лідэраў".

Апошнія навіны