BE RU EN

За Сацыяльным маршам будуць назіраць дыпляматы

  • 31.10.2007, 8:31

Cустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька сустрэліся ў Менску з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі два пытаньні — правядзеньне Сацыяльнага маршу і міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях Беларусі.

Сяргей Калякін паведаміў “Радыё Свабода”, што размова з дыпляматамі пачалася з абмеркаваньня сытуацыі вакол Сацыяльнага маршу:

“Мы адзначылі, што нейкія зрухі ў палітычным жыцьці Беларусі адбываюцца. Усё ж улады дазволілі другі запар марш. І было б добра, калі б гэты працэс працягваўся і надалей.

Мы выказалі думку, што арганізатары Сацыяльнага маршу прыкладуць усе намаганьні, каб гэта была мірная акцыя. І мы спадзяемся, што ўлады таксама зробяць усё, каб акцыя мела мірны характар — як да пачатку маршу, так і пасьля яго. І каб гэта распаўсюджвалася як на арганізатараў, так і на ўдзельнікаў маршу” .

Сустаршыні Палітрады ўзьнялі пытаньне і аб правядзеньні міжнароднай трохбаковай канфэрэнцыі ў пытаньнях Беларусі. Прапануецца, каб за адным сталом сабраліся прадстаўнікі беларускіх уладаў, дэмакратычных сілаў і Эўразьвязу.

Любамір Рэгак, кіраўнік дыпляматычнай місіі Славаччыны ў Беларусі, якая выконвае функцыі мясцовага прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, сказаў, што сёньняшняя сустрэча адбылася з ініцыятывы дыпляматаў:

“Таму што гэта ўваходзіць у нашу палітычную культуру — мець зносіны з усімі слаямі насельніцтва, у тым ліку і з апазыцыяй. Мы спэцыяльна цікавіліся падрыхтоўкай Сацыяльнага маршу, які заплянаваны на 4 лістапада.

І мы з задавальненьнем успрынялі інфармацыю лідэраў апазыцыі пра тое, што і яны бачаць некаторы прагрэс у дыялёгу грамадзкай супольнасьці з урадам” .

Апошнія навіны