BE RU EN

Cьпіс неўязных судзьдзяў і пракурораў павялічыцца

  • 31.10.2007, 8:32

Ленінскі суд Менску не задаволіў пазову праваабаронцы Алега Воўчака да пракуратуры Ленінскага раёну. Праваабаронца скардзіўся на тое, што пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу паводле факту зьбіцьця Алега Воўчака ў мінулую прэзыдэнцкую кампанію.

Нагадаем, Алега Воўчака, які быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна, невядомыя асобы не пусьцілі ў Нацыянальны прэсавы цэнтар, зьбілі й пырснулі ў твар сьлезацечным газам. Сьледчыя адмовіліся расьсьледаваць інцыдэнт.

Алег Воўчак гэтак пракамэнтаваў “Радыё Свабода” рашэньне, якое вынес судзьдзя Ленінскага раёну Менску Ігар Германовіч:

“Суд прадэманстраваў, што ў нас няма незалежнай судовай сыстэмы, як няма і незалежнай пракурорскай сыстэмы. Бо пракурор нават на судзе сумняваўся ў неабходнасьці заводзіць крымінальную справу — хоць ёсьць сьляды зьбіцьця. Хіба гэта не паказчык?”

Алег Воўчак зьбіраецца абскардзіць рашэньне Ленінскага суду ў вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі, а калі гэта не дапаможа, зьвярнецца ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Праваабаронца не выключае, што судзьдзі й пракуроры, прычынныя да прыняцьця незаконных рашэньняў, трапяць у сьпіс неўязных у краіны Эўропы.

Апошнія навіны