Рэнтабельнасць нафтаперапрацоўкі амаль на нулі
- 31.10.2007, 10:09
У Беларусі рэнтабельнасць нафтаперапрацоўчай галіны ў студзені–жніўні знізілася да 1,5% супраць 27,1% за аналагічны перыяд 2006 года, паведаміла ПРАЙМ-ТАСС крыніца ў органах дзяржаўнага кіравання.
«Паніжэнне да крытычна нізкага ўзроўню рэнтабельнасці беларускіх НПЗ, выкліканае новымі ўмовамі паставак нафты ў краіну, прывяло да закрэдытаванасці заводаў. Калі б дзяржава не адрэгулявала правілы працы, да канца года НПЗ маглі б апынуцца фінансава неплацежаздольнымі», – сказаў суразмоўца.
Паводле яго слоў, менавіта гэты аргумент упэўніў профільныя ведамствы пагадзіцца з прапановай канцэрна «Белнафтахім» істотна падвысіць дзяржсубсідыі нафтаперапрацоўшчыкам, каб пазбегнуць фінансавага крызісу беларускіх НПЗ.
Як ужо паведамлялася, з жніўня ў Беларусі ўказам № 475 падвышаны памер кампенсавання арганізацыям-перапрацоўшчыкам нафты. Для пастаўшчыкоў нафты па трубаправоднай сістэме субсідыі павялічыліся з 90% да 110% ад расейскай спецпошліны на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, чыгуначнай – з 90% да 130%.
Беларускія НПЗ знізілі ў студзені–жніўні перапрацоўку нафты на 1,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2006 года да 14,3 мільёнаў тон. Мазырскі НПЗ перапрацаваў у студзені–жніўні 7,3 мільёна тон (+0,4% да аналагічнага перыяду мінулага года), НПЗ «Нафтан» – 7,1 мільёна тон (- 2,6%).