Выжыць у гады «поўнага экстрыму»
- 31.10.2007, 10:35
Лаўрэатамі прэміі "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў" за 2006 год сталі Вольга Іпатава, Рыгор Сітніца і Лізавета-Дамініка Панамарова, паведамляе БелаПАН. Імёны лаўрэатаў былі названыя 30 кастрычніка ў Менску на вечары, прысвечаным пяцігоддзю часопіса "Дзеяслоў".
У намінацыі "Проза" прэмія была ўручаная В.Іпатавай за аповесць "Апошняя ахвяра свяшчэннага дуба", у намінацыі "Паэзія" – Р.Сітніцу за падборку вершаў "І голас Бога слухае душа", а ў намінацыі "Дэбют" прэміяй імя Анатоля Сыса ўзнагароджаная Лізавета-Дамініка Панамарова за падборку вершаў "Крылы".
Выступаючы пасля атрымання прэміі, В.Іпатава адзначыла, што "Дзеяслоў" стаў сімвалам свабоды і супраціву гвалту. "Нягледзячы на тое, што ў друку не называюцца школы і іншыя ўстановы, у якіх выступаюць беларускія пісьменнікі, мы сустракаемся з прыхільнікамі беларускага слова. Так, у адной з сельскіх школ Зэльвенскага раёна дзеці купілі ўсё 124 асобнікі "Дзеяслова". Гэты цяжкі час, у які мы жывем, гартуе нас, дазваляе ўсвядоміць свой уласны патэнцыял творцы і грамадзяніна. І я шчыра веру, што мы зробім свабоднай нашу краіну", – сказала В.Іпатава.
Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зееў Бэн-Ар’е паведаміў, што ў нумары часопіса Саюза ізраільскіх пісьменнікаў "Гаг" ("Страха"), які нядаўна выйшаў, апублікаванае апавяданне народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава "Бедныя людзі", перакладзенае на іўрыт. Па словах дыпламата, які ажыццявіў пераклад, у Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры абавязкова адбудзецца прэзентацыя першага перакладу твора В.Быкава на старажытнагабрэйскую мову.
Як адзначыў рэдактар выдання Барыс Сачанка, "Дзеяслоў" стаў справай жыцця яго і сяброў. "Мы выжылі ў пяці гадах поўнага экстрыму, хаця, калі беларусам у Беларусі было лягчэй? За пяць гадоў мы выпусцілі 30 нумароў выдання, 30 тамоў сучаснай літаратуры. "Дзеяслоў" – гэта артыкулы па культуры і мастацтве, творы нашых класікаў, у тым ліку Васіля Быкава, а таксама публікацыі больш як 50 дэбютантаў. Часопіс – гэта сотні сустрэч з нашымі чытачамі ў шматлікіх кутках краіны і бібліятэка "Дзеяслова", у якой ужо выйшла пяць кніг, а таксама наша прэмія, якая ўручаецца чацвёртым разам", – сказаў Б.Сачанка.