BE RU EN

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі падобная да сытуацыі ў Тунісе

  • 31.10.2007, 11:25

Гэтымі днямі ў Беларусі зб візытам знаходзіцца прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн (Souhayr Belhassen). Спадарыня Бэльхасэн плянавала на мінулым тыдні патрапіць на паседжаньне ў Вярхоўным судзе, дзе разглядалася скарга беларускіх праваабаронцаў на Міністэрства юстыцыі з-за адмовы зарэгістраваць грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне “Вясна”, што зьяўляецца сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Але прэзыдэнтка позна атрымала ўязную візу й паглядзець на беларускае правасудзьдзе не змагла. Свой візыт Сугайр Бэльхасэн матывавала “найгоршай сытуацыяй з правамі чалавека ў рэгіёне ды жаданьнем падтрымаць праваабарончае аб’яднаньне “Вясна”.

Спадарыня Бэльхасэн заплянавала сустрэцца зь беларускімі праваабаронцамі, роднымі палітвязьняў, грамадзкімі актывістамі, што пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, прадстаўнікамі Беларускага Хэльсінскага камітэту, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама з прадстаўнікамі ўлады.

“Польскае радыё” пагутарыла з прэзыдэнткай Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн ужо вечарам, калі яна вызвалілася пасьля чарговай сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці.

-- Я папрасіла афіцыйнай сустрэчы зь міністрам замежных справаў, міністрам інфармацыі, міністрам унутраных справаў. Але на сёньняшні дзень мы не атрымалі ні станоўчага, ні адмоўнага адказу. Асабліва хацелася б сустрэцца зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым па двух вельмі важных пытаньнях – палітвязьняў, што знаходзяцца зараз у турме, Андрэя Клімава й Аляксандра Казуліна, здароўем якога мы занепакоеныя, -- паведаміла праваабаронца.

Прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека падкрэсьліла важнасьць праўдзівай і поўнай інфармацыі аб падзеях, што адбываюцца ў Беларусі. Спадарыня Сугайр Бэльхасэн заявіла, што Фэдэрацыя адкрытая на супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. У прыватнасьці, яна гатовая падтрымаць інфармацыйную кампанію ў Эўропе, датычную справы палітвязьня Зьмітра Дашкевіча.

-- Чым лепей мы знаёмыя з працай нашых арганізацый на месцы, тым больш поўна й праўдзіва мы можам інфармаваць аб гэтым міжнародную супольнасьць. Для нас важна сабраць гэтую інфармацыю на месцах, каб пасьля эфэктыўна працаваць зь ёю на міжнародным узроўні. Напрыклад, мы працавалі ў Савеце па правах чалавека ААН з Алесем Бяляцкім, які зьяўляецца адначасова й віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Мы імкнемся прыцягваць увагу на эўрапейскім узроўні да становішча праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў у Беларусі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч у міжнародным супрацоўніцтве бачыць адну зь нямногіх магчымасьцей паўплываць на дзяржаўную практыку парушэньня правоў чалавека: Безумоўна, гэты візыт вельмі важны, бо ён скіраваны на падтрымку той дзейнасьці, якую мы праводзім на працягу больш чым дзесяці гадоў. Галоўнае тое, што падчас гэтага візыту мы маем шанец указаць на тыя праблемы, што ёсьць у Беларусі, зрабіць усё, каб Фэдэрацыя атрымала максымум інфармацыі пра парушэньне правоў чалавека ў нашай краіне. Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека мае сталае прадстаўніцтва і ў Жэнэве, і ў Брусэлі. Таму для нас гэта – спрошчаны выхад на камітэты й Арганізацыі аб’яднаных нацый, спроба выкарыстаньня мэханізмаў, што могуць быць задзейнічаныя ў абароне правоў чалавека.

Параўноўваючы сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, Сугайр Бэльхасэн зазначыла, што яна “вельмі падобная да сытуацыі ў Тунісе, на яе радзіме. Прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн хоча распачаць у Беларусі дасьледчую місію, па выніках якой будзе напісаны даклад аб умовах утрыманьня людзей у беларускіх турмах і сьледчых ізалятарах.

Апошнія навіны