BE RU EN

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі настойвае на вызваленні палітвязняў

  • 31.10.2007, 15:59

“Усе 12 прапаноў Еўразвяза з’яўляюцца для нас прынцыповымі. Можна сказаць, што самым палітычна адчувальным пытаннем з’яўляецца пытанне вызвалення палітзняволеных”, -- заявіў у інтэрв’ю “Еўрарадыё” кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі і Украіне Жан-Эрык Хольцапфель.

— Чаму еўрапейцы жадаюць адкрыць прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі?

— Адкрыццё прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі — гэта нармальны крок, таму што такія офісы існуюць па ўсім свеце. У сваю чаргу, Беларусь, напрыклад, мае свае прадстаўніцтвы пры інстытутах ЕС у Брусэлі. Таму і адкрыццё нашага прадстаўніцтва ў Мінску — гэта нармальны дыпламатычны крок. Нашае аддзяленне будзе дзейнічаць у розных сферах. Па-першае, гэта супрацоўніцтва і тэхнічная дапамога па праграмах TACIS і EINPI (Еўрапейскі інструмент дабрасуседства і партнёрства). Праграмы дзейнічаюць двухбакова і па дамове з беларускімі ўладамі. Другая кампетэнцыя прадстаўніцтва — гандлёвыя пытанні. Трэцяя — інфармацыйная, таму што мэтай Еўрапейскага Саюза з’яўляецца пашырэнне і ўмацаванне зносін паміж людзьмі ў ЕС і ў Беларусі. Менавіта таму мы зацікаўленыя ў тым, каб у Беларусі больш ведалі пра Еўрапейскі Саюз. Ну і, канечне, кампетэнцыяй нашага прадстаўніцтва ў Мінску будзе палітыка знешніх зносін ЕС, бо Еўракамісія мае кампетэнцыі ў вызначэнні знешняй палітыкі ЕС, разам з краінамі-сябрамі ЕС.

— Скажыце, калі ласка, ці абмяркоўваліся ўжо з МЗС пункты пагаднення? Калі так, то якія? Ці ўзнікалі ўжо нейкія пытанні?

— 23 кастрычніка адбылася сустрэча паміж кіраўніком аддзела Еўракамісіі па Беларусі і прадстаўніком вашай краіны ў Брусэлі спадаром Сянько. Абмеркаванне толькі распачалося, таму мы не можам зараз расказваць пра тое, што канкрэтна абмяркоўвалася.

— Ці будзе падчас перамоваў абмяркоўвацца мандат, які будзе ў Еўракамісіі падчас працы ў Беларусі? Ці можа быць абмежаваны тэрмін гэтага мандата, як, напрыклад, гэта робіцца з прадстаўніцтвам АБСЕ?

— Дамова аб адкрыцці дыпламатычнага прадстаўніцтва — гэта дакумент, тэрмін дзеяння якога не абмежаваны. Тэарэтычна, у тэксце можа быць абмежаванне па часе дзеяння, але я, напрыклад, з такім не разу не сутыкаўся.

— Як вы адчуваеце, як доўга будзе ісці працэс узгаднення? Колькі часу рэальна можа прайсці да самога моманту адкрыцця прадстаўніцтва ЕК у Беларусі?

— Цяжка сказаць, таму што мы зараз знаходзімся толькі ў самым пачатку перамоваў. На гэты момант мы не можам нават прыблізна сказаць, колькі на гэта спатрэбіцца часу. Гэта можа адбыцца вельмі хутка, а можа заняць і больш часу. Хуткасць залежыць ад працэсу абмеркавання. Прычым гэта міжнародная практыка, што ніякая інфармацыя не распаўсюджваецца, пакуль не скончаныя перамовы. Прычым гэта міжнародная практыка, што ніякая інфармацыя не распаўсюджваецца, пакуль не скончаныя перамовы.

— Чым прадстаўніцтва ЕК у Беларусі будзе адрознівацца ад такіх самых у еўрапейскіх краінах?

— З дыпламатычнага пункту гледжання розніцы няма. Аднак што тычыцца канкрэтна дзейнасці прадстаўніцтва, то тут існуюць некаторыя адрозненні. ЕК не з’яўляецца асобнай краінай, - гэта такая спецыфічная міжнародная арганізацыя, якая прадстаўляе некалькі краін-сябраў. У некаторых сферах, як, напрыклад, гандаль, у ЕК ёсць канкрэтна вызначаны мандат. У іншых сферах ЕК павінна дзейнічаць сумесна з дзяржавамі – сябрамі ЕК. Да іх адносіцца супрацоўніцтва і тэхнічная дапамога. ЕК мае паўнамоцтвы на ажыццяўленне праграм TACIS і EINPI. Гэта асноўнае адрозненне. Апроч гэтага нашая інфармацыйная і культурная дзейнасць адрозніваецца ад працы амбасадаў тым, што мы інфармуем не пра канкрэтную краіну, а аб усім Еўрасаюзе і аб працэсах еўрапейскай інтэграцыі. Таксама ёсць у нас функцыі папулярызацыі ведаў пра Беларусь у Еўропе.

— Якія з 12 прапаноў ЕС Беларусь здольна выканаць ужо зараз, на Ваш погляд? Ці існуюць такія пункты ўвогуле?

— Я хацеў бы сам мець адказ на гэта. Пытанне абмяркоўвалася паміж краінамі-сябрамі ЕС, аднак адказу, на жаль, пакуль няма.

— Ці ёсць сярод гэтых пытанняў такія пункты, выкананне якіх з’яўляецца для Еўропы прынцыповым?

— Усе 12 пунктаў носяць для нас такі характар. Можна сказаць, што самым палітычна адчувальным пытаннем з’яўляецца пытанне вызвалення палітзняволеных.

— Наконт пытання па палітзняволеных. Ці атрымліваецца весці перамовы з беларускімі ўладамі на адной мове? Ці не здараецца сітуацыя, калі, напрыклад, Еўропа кажа: “У Беларусі ёсьць палітзняволеныя”а афіцыйны Мінск адказваў да апошняга часу, пакуль не пасадзілі Андрэя Клімава, што такіх у нас няма? Ці, напрыклад, Еўракамісія гаворыць, што ў Беларусі прыгнятаецца незалежная прэса. У адказ: “Ды ў нас шмат незалежнай прэсы!..”

— Я не ўпаўнаважаны даваць інфармацыю наконт зместу перамоваў. Магу сказаць толькі адно: перамовы ідуць па ўсіх пунктах “12 прапановаў Еўропы”.

— Пытанне наконт кошту візы для грамадзян Беларусі ў 60 еўра. Як вы лічыце, ці не пераўтварылася гэтае пытанне з эканамічнага, як гэта было напачатку, сёння ўжо ў палітычнае?

— Пытанне сапраўды вельмі важнае. Калі пачаць з "плюсаў", то трэба адзначыць, што разам з павышэннем кошту візы людзям даецца права наведваць не адну, а адразу некалькі краінаў. Акрамя гэтага, правілы Шэнгену даюць магчымасць краінам-сябрам ЕС выдаваць бясплатныя візы некаторым людзям — напрыклад, студэнтам для адукацыі і гэтак далей. Калі б Беларусь стала паўнавартасным удзельнікам еўрапейскай палітыкі добрасуседства, то тады магло б быць прынятае рашэнне аб памяншэнні кошту візаў. Так, як гэта існуе ў выпадку з Расіяй і Украінай. У рэшце рэшт, візавыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі краін-сябраў ЕС.

Апошнія навіны