BE RU EN

Кампенсаванне па-лукашэнкаўску: за 10.000 савецкіх рублёў – менш за 10 даляраў

  • 12.11.2007, 13:17

Яшчэ ў 1994 годзе адным з асноўных пунктаў перадвыбарнай праграмы Аляксандра Лукашэнкі было «кампенсаванне згубленых грашовых укладанняў насельніцтва па курсе рубля-даляра за 1985 год» (то бок, за адзін савецкі рубель адзін даляр ЗША). Прычым Аляксандр Рыгоравіч абяцаў вярнуць частку гэтых укладанняў халадзільнікамі і тэлевізарамі.

У 1998-м ён, як ужо быў прэзідэнтам, выдаў спецыяльны ўказ, згодна з якім кампенсаванні павінны былі быць выплачаныя да 1 студзеня 2008 года. І вось, праз 14 гадоў яго «шматабяцальнага» кіравання, беларусаў, якія не атрымалі ні грошай, ні тэлевізараў, сталі запрашаць у «Беларусбанк». Ім вяртаюць укладанні. Але па якім курсе! За 500 савецкіх рублёў даюць… 999 беларускіх. Для параўнання: праезд у метро ўжо каштуе 600 рублёў…Ці гэтае не здзек?

Досвед постсавецкіх краін падказвае: страчаныя ўкладанні вяртаць можна. І так, каб чалавек быў задаволены, і дзяржава не згалела.

Напрыклад, у суседняй Літве не толькі вярнулі зямельную ўласнасць рэальным уладальнікам, але і вярнулі ўкладанні – у суадносінах 1:4. За 10 тысяч савецкіх рублёў давалі 2,5 тысячы даляраў. У разлік браўся курс, пры якім адзін савецкі рубель прыраўноўваецца да аднаго літоўскага літа. Сёння адзін даляр каштуе 2, 35 літа.

«У канцы 1980-х гадоў суадносіны рубля і даляра на рынках былі прыкладна ў суадносінах 1:4. Таму цалкам лагічным было ўсталяваць менавіта такі каэфіцыент. Разлікі эканамістаў таго часу: рэальныя суадносіны і па прадукцыйнасці працы былі 1:4. Абавязальніцтва па вяртанні ўкладанняў выконваў Нацыянальны банк Літвы. І гэта элемент прававой дзяржавы, а не проста абяцанне якіх-небудзь палітыкаў», – сказаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы эканаміст Леанід Заіка.

У нас жа ўсё адбываецца з дакладнасцю наадварот. Наабяцаўшы з тры палукашкі, Лукашэнка сёння аддае беларусам вартыя жалю капейкі. Гэтымі днямі газета «Экспресс-Новости» паведаміла: дзеці “палатніка” Мікалая Дубовіка паспрабавалі схадзіць у “Беларусбанк” за страчанымі калісьці ўкладаннямі.

“Маіх дзяцей гэтымі днямі запрасілі прыйсці ў банк, – скардзіўся на адным з апошніх пленарных пасяджэнняў “дэпутат” Мікалай Дубовік. – Для прыкладу я скажу так: у нас у сям'і было пяцёра дзяцей, у кожнага ёсць дзеці. І перад аперацыяй бацька паклаў кожнаму свайму ўнуку па тысячы або па пяцістах рублёў. Сястра мая малодшая – яна разумнейшай апынулася – за 500 рублёў купіла прычэп “Зубраня”. Другая сястра (таксама малодшая) купіла вялікі мужчынскі пярсцёнак. Усё за тыя ж пяцьсот рублёў. А мае дзеці, калі прыйдуць у банк заўтра, атрымаюць 999 рублёў. Нельга моладзь так супрацьпастаўляць, наладжваць супраць урада. Калі можна, давайце прыпынім гэтую справу. Я, напрыклад, сваіх дзяцей у банк не пушчу”.

Як прыпыніць «гэтую справу» Дубовік не паведаміў. Гаворка, мабыць, пра тое, каб увогуле не вяртаць укладанні. Таму што як убачыш такую кампенсацыю, можна і азвярэць. Або расплакацца ад знявагі.

За 10.000 савецкіх рублёў, на якія ў 1980-я можна было пабудаваць двухпакаёвую кааператыўную кватэру, прапаноўваецца менш за 10 даляраў. Збіралі гадамі на кватэру – атрымаеце паўкіло сыравяленай каўбасы.

Вось такое кампенсаванне…

Уяўляеце, колькі грошай нам не выплачана? Дзесяткі мільёнаў даляраў... Так на што яны выдаткаваныя? На лёдавыя палацы, штучную падтрымку паўразваленых калгасаў і прадпрыемстваў, разнастайныя фэсты калгаснага маштабу, на радыяцыйную плітку для плошчы Незалежнасці?

А колькі халадзільнікаў і тэлевізараў не атрымалі ашуканыя беларусы?

Але калі ў дзяржавы няма столькі халадзільнікаў, можна было б кампенсаваць укладанні і па-іншаму: «Адплаціцца можна – гэта не праблема. Вяртайце грошы ў метрах, скажам, дзяржаўнай уласнасці або зямлі. Аддаць 15-20 мільярдам даляраў дзяржуласнасці – гэта проста. Кожны чалавек пагодзіцца, калі яму дадуць два гектара зямлі за яго 10 тысяч рублёў або цэлы паверх у новым доме. Цяпер жа ўсё спусцілі на тармазах. Гэта апошні акт рабавання. Гэта і ёсць непавага да сваёй краіны, да свайго народа», – лічыць Леанід Заіка.

Апошнія навіны