BE RU EN

«Чорны спіс» невыязных з Беларусі

  • 12.11.2007, 8:47

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі стварае банк дадзеных аб грамадзянах, якім часова забароненае пакідаць рэспубліку, паведамілі "Інтэрфаксу" ў дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі.

"МУС стварае банк дадзеных, дзе змешчаная інфармацыя пра асоб, якім часова забаронены выезд за межы Беларусі", – сказалі ў дэпартаменце.

"У гэтую катэгорыю ўваходзяць асобы, якія не адбылі тэрмін пакарання, знаходзяцца пад следствам, валодаюць дзяржаўнымі сакрэтамі, не выканалі свае абавязальніцтвы перад дзяржавай, маюць нявыкананыя фінансавыя абавязальніцтвы", – удакладнілі ў дэпартаменце.

Там паведамілі, што створаная міжведамасная працоўная група па фармаванні адзіных падыходаў да фармавання банка дадзеных. У дэпартаменце растлумачылі, што гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў сувязі з адменай дазваленчага штампа ў пашпартах, якая мае быць.

Як раней паведамлялася, МУС Беларусі падрыхтаваў праект указу прэзідэнта аб адмене з 1 студзеня 2008 года дазваленчага штампа ў пашпартах грамадзян рэспублікі.

"Дадзены дакумент знаходзіцца на разглядзе ў органах дзяржаўнага ўпраўлення, 12 лістапада МУС плануе накіраваць праект указу на разгляд у Савет міністраў Беларусі", – сказаў намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Анатоль Ланін.

У 2005 годзе Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэнне аб адмене дазваленчага штампа ў пашпартах, прызнаўшы, што гэты запіс не адпавядае канстытуцыйным нормам.

Апошнія навіны