BE RU EN

Зюганаўцы адмовіліся ад Лукашэнкі

  • 12.11.2007, 14:42

“Мы не будзем больш выкарыстоўваць фатаграфіі Аляксандра Лукашэнкі ў партыйнай агітацыі да выбараў у Дзяржаўную думу Расіі”, - заявіў сакратар Цэнтральнага камітэту КПРФ Алег Кулікоў.

Паводле Алега Кулікова, расійскія камуністы не звярталіся па дазвол на выкарыстанне фота беларускага прэзідэнта да Аляксандра Лукашэнкі. Ён патлумачыў гэта тым, што ў такім выпадку паўстала б пытанне пра партыйную прыналежнасць Лукашэнкі, які, як вядома, не з’яўляецца сябрам ніводнай партыі, паведамляе “Радыё Рацыя”.

Нагадаем, на мінулым тыдні Томскі аблвыканкам запатрабаваў ад Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі прадаставіць пісьмовую згоду Лукашэнкі на выкарыстанне яго фота ў агітматэрыялах. 6 лістапада Томскае абласное аддзяленне КПРФ прадставіла ў выбарчую камісію паведамленне аб намеры распаўсюджваць “Інфармацыйны бюлетэнь ЦК КПРФ “Правда” за кастрычнік - лістапад 2007 года”, у якім апублікавана фота прэзідэнта Беларусі.

Паводле расійскага заканадаўства выкарыстанне ў агітматэрыялах выявы фізічнай асобы дапускаецца толькі з пісьмовай згоды гэтай фізічнай асобы. Таму выбарчая камісія Томскай вобласці парэкамендавала КПРФ прыпыніць распаўсюд гэтага матэрыялу да моманту прадстаўлення ў камісію пісьмовай згоды Лукашэнкі.

Сам беларускаі прэзідэнт заяўляў раней, што не супраць выкарыстання свайго імя ў палітычных кампаніях у Расіі. 13 ліпеня ў гутарцы з журналістамі Лукашэнка сказаў: “Калі гэта на карысць Беларусі, а думаю, што не на шкоду, — няхай выкарыстоўваюць”.

Апошнія навіны