Лукашэнка даў старт будаўніцтву АЭС
- 13.11.2007, 8:37
Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада падпісаў указ № 565 "Аб некаторых мерах па будаўніцтве атамнай электрастанцыі". Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакумент выдадзены ў мэтах арганізацыі выканання падрыхтоўчых прац для будаўніцтва АЭС у Беларусі, гарантавання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі згодна з рэкамендацыямі МАГАТЭ.
Указам прадугледжанае стварэнне ў складзе Міністэрства энергетыкі дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі для ажыццяўлення функцый заказчыка па выкананні комплексу падрыхтоўчых і праектна-вышукальніцкіх прац па будаўніцтве АЭС.
Для забеспячэння функцый дзяржаўнага рэгулявання і ліцэнзавання ў галіне бяспечнага выкарыстання ядзернай энергіі, іянізуючага выпраменьвання, бяспечнага абыходжання з радыеактыўнымі адыходамі ствараецца дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд).
Выконваць навуковае суправаджэнне падрыхтоўкі і будаўніцтва АЭС будзе ДНУ "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Генеральным праектыроўшчыкам прызначанае РУП "Белніпіэнергапрам", якое будзе складаць на аснове перамоваў з падрадчыкамі дамовы на выкананне праектна-каштарыснай дакументацыі, а таксама дамовы на выкананне інжынірынгавых прац (паслуг) па выбары пляцоўкі будаўніцтва АЭС, распрацоўку абгрунтавання інвестыцый будаўніцтва і тэндэрнай дакументацыі.