BE RU EN

Прадпрымальніка аштрафавалі за напад на службоўцаў Дзяржкантролю

  • 13.11.2007, 10:46

Суд Маладзечанскага раёна аштрафаваў на 100 базавых велічынь дырэктара ўнітарнага прадпрыемства "Эконика" Міколу Апяцёнка за напад на супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Менскай вобласці, паведамілі ў КДК Менскай вобласці.

"Суд прызнаў камерсанта вінаватым у пагрозе гвалту ў дачыненні службовых асоб, якія выконвалі службовыя абавязкі, і прызначыў яму пакаранне ў відзе штрафу ў памеры 100 базавых велічынь", – распавялі ў КДК Менскай вобласці.

Паводле слоў суразмоўцаў агенцтва, два супрацоўнікі КДК Менскай вобласці праводзілі рэйдавую праверку крамы "Глорыя" ў Маладзечна, якая належыць УП "Эконика". "Для складання акту аб выяўленых парушэннях правіл гандлю кантралёры зайшлі ў кабінет загадчыцы крамай, праз 15 хвілін туды з нажом у руках і пагрозамі "ўсіх пазабіваю" уварваўся дырэктар УП "Эконика" М.Апяцёнак, якому належыць крама", распавялі ў КДК. "Ён пагражаў забіць не толькі кантралёраў, сярод якіх была жанчына, але і іх дзяцей. Патрабаваў знішчыць акт праверкі, размахваў нажом для рэзання сметанковага масла", паведамілі ў КДК Менскай вобласці.

У дачыненні дырэктара УП "Эконика" М.Апяцёнка пракуратура Маладзечанскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу. Суд Маладзечанскага раёна прызнаў яго вінаватым у пагрозе гвалту ў дачыненні службовых асоб і іх блізкіх. Яму прызначанае пакаранне ў відзе штрафу ў памеры 100 базавых велічынь, або Br3,1 млн, паведамілі ў КДК Менскай вобласці.

Суд пастанавіў накіраваць штраф у прыбытак дзяржавы, адзначылі суразмоўцы агенцтва.

Апошнія навіны