BE RU EN

Лукашэнка: «Адмоўнае сальда пагражае нашай эканоміцы»

  • 13.11.2007, 12:05

«Калі ў наступным годзе рост адмоўнага сальда працягнецца цяперашнімі тэмпамі, пад пагрозай апынуцца ўсе нашы дасягненні», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, а таксама па праектах прагнозу сацыяльна- эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2008 год.

“Мне здаецца, што ўрад у цэлым – фінансавы і сілавы блокі – пачынаюць “абрастаць цінай”, – сказаў А.Лукашэнка. Ён канстатаваў, што ў гэтым годзе не выконваецца прагноз па тэмпах росту вытворчасці харчовых тавараў, па абмежаванні тэмпаў росту імпарту і забеспячэнні станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі.

Акрамя таго, паводле яго слоў, сёлета не дасягнуты прагнозны ўзровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі прамысловасці. "Паніжэнне эфектыўнасці гаспадарання – вельмі негатыўная тэндэнцыя", – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У гэтым звязку А.Лукашэнка мае намер пачуць ад прэм'ер-міністра , "што рабілася ўрадам па ўхіленні негатыўных працэсаў, чаму не атрымалася дасягнуць станоўчага выніку?". "Вы павінны разумець, што я не магу з года ў год паўтараць адно і тое. Гэта ператварае ўладу ў пасмешышча", – заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы патрабаваў ад урада пазначыць праблему нарастання адмоўнага сальда знешнегандлёвай дзейнасці. "У Кітаі ў свой час вырваліся з гэтага заганнага кола. Выхад – адзіны: проста трэба больш прадаць, чым купіць", – сказаў А.Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік заявіў, што ў яго складаецца ўражанне, што "вы, Сяргей Сяргеевіч (С.Сідорскі – прэм'ер-міністр – ІФ), – дачаснікі". "Вы павінны мяне сёння ў гэтым разупэўніць", – заявіў Лукашэнка.

А.Лукашэнка спытаў у міністра фінансаў пра тое, што прынцыпова новага прапаноўваецца ў праекце бюджэту на 2008 год.

"Як мы прасунуліся ў вырашэнні пастаўленай мной задачы па паніжэнні падатковай нагрузкі, наколькі пралічаныя прапановы па ўдасканаленні заканадаўства аб падатках?" – пацікавіўся прэзідэнт. Ён перакананы, што "мы не можам "душыць" як дзяржаўны, так і прыватны бізнэс". Акрамя таго, А.Лукашэнка патрабаваў ад урада даць адказ на пытанне, "ці не прывядзе павелічэнне стаўкі падатку на дададзены кошт да 20% да апераджальнага росту інфляцыі ў краіне".

Кажучы пра прагнозныя паказчыкі на наступны год, А.Лукашэнка выказаў здзіўленне: "Што гэта за спрэчка: мы не можам, не хочам, гэта няправільна". "Калі гэта няправільна, то гэта будуць рабіць іншыя", – заявіў прэзідэнт краіны. "Тое, што паказчыкі павінны быць не ніжэйшымі за прадугледжаныя ў пяцігадовай праграме, – нават не абмяркоўваецца. Гаворка можа ісці толькі пра больш высокія тэмпы развіцця", – падкрэсліў А.Лукашэнка.

Паводле яго слоў, перад краінай стаіць "важная і няпростая задача: узяць краіну за руку і правесці яе, як карабель, каб ён не патануў, як у Керчанскім праліве".

Нагадаем, што ў Беларусі ў студзені–верасні 2007 года сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўным у памеры 2644.3 млн. USD, паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу. За верасень 2007 года адмоўнае сальда вырасла на 284.7 млн. USD. У студзені–верасні 2006 года адмоўнае сальда складала 1397.0 млн. USD.

Апошнія навіны