BE RU EN

Юры Хашчавацкі: «Гэта безумоўны і цынічны фарс»

  • 13.11.2007, 13:32

У Маскве ў Цэнтральным доме літаратараў адбылася прэм'ера дакументальнага фільма "Наперад, у мінулае". Гэтая стужка – пра распачатае вяртанне Расеі ў савецкі свет. Аўтар фільма – вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі.

Дакументаліст Юры Хашчавацкі – лаўрэат мноства еўрапейскіх прэмій і непрымірымы крытык прэзідэнта Лукашэнкі, якому прысвячаўся фільм «Звычайны прэзідэнт». Хашчавацкі – даследнік савецкага і таталітарнага свету ў стужках «Багі сярпа і молата» і «Расейскае шчасце». Хашчавацкі – рэпарцёр, які ў фільме «Плошча» паказвае, што беларускай уладзе на дэманстрацыі супрацьстаіць не кучка інтэлігентаў, а трыццацітысячны натоўп. Хашчавацкаму амаль немагчыма працаваць у Беларусі, але ён працуе, а таксама вось толькі што скончыў працу ў Расеі па прапанове сяброў з СПС. Сваіх інтарэсаў і сувязяў Хашчавацкі не ўтойвае, лічыць, што яго фільм дапаможа расейскаму парламентарызму, а задачы інтэлігенцыі бачыць так...

“Змагацца за парламентарызм, змагацца за апазіцыю ўнутры ўлады. Без апазіцыі ўлада немагчымая. Улада, яна на тое і ўлада, яна іншай быць не можа, яна хоча ўлады непадзельнай, заўсёды. І толькі грамадства гэтую ўладу спыняе, толькі грамадства гаворыць: не, спадары, для вашай улады існуюць бар'еры. Для нашага агульнага кантролю – вы за намі, за грамадствам, а мы за вамі, за ўладай – існуюць незалежныя суды, існуе недзяржаўная незалежная прэса, існуе свабода слова, існуе магчымасць вас замяніць, магчымасць вас перавыбраць. І гэта вельмі важнае, за гэта трэба змагацца”, – заявіў Хашчавацкі ў інтэрв'ю Расейскай службе радыё «Свобода».

Яго фільм «Наперад, у мінулае», з аднаго боку, нагадвае палітычныя дэбаты: выступам дэпутатаў "Единой России" супрацьпастаўленыя выказванні лідэраў СПС. Але Хашчавацкі ператвараецца ў сатырыка, калі заходзіць гаворка пра новаую кіруючую партыю, пры гэтым ён можа нават не каментаваць ход з'езду "едзінаросаў", на якім Пуцін пагадзіўся ўзначаліць партыйны спіс, а проста дае мантажныя зклейкі з эпізодам з "Івана Грознага", дзе ўкленчаны народ просіць цара вярнуцца на Маскву; рэжысёр супастаўляе з'езд партыі ўлады з сталінскім з'ездам пераможцаў і брэжнеўскімі з'ездамі. Вось эпізод з з'езду "едзінаросаў", які ўжо стаў знакамітым і які рэжысёр змантаваў з выказваннямі простых расейскіх людзей з глыбінкі.

Паважаныя калегі, слова для выступу даецца Лапшыной Алене Мікалаеўне, ткачу пятага разраду тэкстыльнага камбіната.

Алена Лапшына: Вы, Уладзімір Уладзіміравіч, адмовіліся высоўвацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Скажу шчыра, калі вы гэта сказалі, то мы не ўсе вас зразумелі. То бок, мы разумеем, што вы паважаеце закон, але закон, на маю думку, можна і перамяніць, гэта справа тэхнікі.

Уладзімір Пуцін: Я з падзякай прымаю вашу прапанову ўзначаліць спіс "Единой России".

– Жыццё маё суцэльная радасць! Раніцай прачынаюся – я радуюся таму, што мой пад'езд не падарвалі на гексагене. Вось захаджу ў трамвай – я радуюся, што я плачу пакуль толькі 5 рублёў, а не 50 рублёў за праезд. Калі выходжу – я радуюся, што пакуль я ехаў, трамвай не падарвалі на фугасе. Разумееце, радасць, як высвятляецца, яна проста пад нагамі. Захаджу ў ліфт, і калі там толькі лужына, то я радуюся, што не куча.

– Вы ўспомніце, хоць адзін закон, хаця б адзін закон яны на карысць працоўнага народа зрабілі? Ніводнага! Вось і ўсё. Народ паволі вымірае, вымірае, вымірае... Рознымі шляхамі: бабы перасталі нараджаць, старыя без лекаў хутчэй паміраюць... Вось і ўсё.

Чаму фільм зроблены з такой смутнай насмешкай? – пытаюць у рэжысёра.

«Вы разумееце, дастаткова было паглядзець з'езд "Единой России", як адразу стала зразумела, што гэта проста Салтыкоў-Шчадрын, гэта сатыра, гэта безумоўны фарс, абсалютны прычым фарс, даволі цынічны. Ён ладзіць фарс спецыяльна для нас, каб мы зразумелі, што яны ладзяць фарс, што яны цяпер і фарсам нас дастануць, таму што мы і гэта з'ямо. Гэта жахліва! Гэта ўжо на ўзроўні абразы атрымліваецца, з гэтай ткачыхай, з гэтым выдатным, цікавым, разумным, сімпатычным інвалідам, чэмпіёнам Паралімпійскіх гульняў. Подыум, каб ён заехаў туды, і Уладзімір Уладзіміравіч яго так добра... , Божухна, па-мойму, адзіны подыум у Расеі быў для інвалідаў. Мне здаецца, што больш подыумаў няма. Усё гэта настолькі брыдка і гідка, што, вядома ж, над гэтым трэба смяяцца.

Я скарыстаўся працай маіх калегаў, якія мне далі свае матэрыялы. Пастолькі-паколькі ў нашай серадзе ўсе вельмі разумеюць гэта ўсё. Шмат каго гэта ўсё ўжо дастала, шмат нашых калегаў, і яны, вядома ж, з радасцю ідуць на тое, каб дапамагчы сказаць слова праўды, сатыры і гэтак далей», – гаворыць Хашчавацкі.

Алена Фанайлава: Перад фільмам Юры Хашчавацкі сказаў, што Расея паўтарае шлях Беларусі. Потым мы размаўлялі з ім на лесвіцы Цэнтральнага дому літаратараў, і раптам паблізу з шумам прабеглі нейкія людзі, за імі ахова. Высветлілася, невядомыя спрабавалі выкрасці спіс гледачоў, якія пакідалі свае каардынаты. Хашчавацкі рэагуе не без гумару.

«Гэта таксама вельмі цікавая справа. Што там баяцца правакатараў? Ну, спіс і спіс. Хоць гэта ўжо падобна на Беларусь, у нас ужо ўсё гэта адбываецца вось гэтаксама. Па-першае, я не магу рабіць кіно ў Беларусі афіцыйна, запусціць здымкі фільма з якой-небудзь беларускай фірмай, з якім-небудзь беларускім прадзюсарам – назаўтра прадзюсар сядзе, усё будзе разбомбленае. У нас ужо адбіралі тэхніку ў Саюзе кінематаграфістаў, прыйшлі і адабралі ўсё. Але мы на свае грошы купілі камеры, купілі сабе мантажныя кампутары. Так, вядома, у цэнтры Менска, калі вы паставіце камеру, і ўвогуле, у кожным горадзе беларускім – праз дзве хвіліны да яе падыдуць два чалавекі ў цывільным. З другога боку, разумееце, можна працаваць, таму што ўжо вялізны досвед, мы ўжо ўсё ведаем, як яны будуць дзейнічаць, мы ўжо ведаем, як іх ашукваць, мы ўжо ведаем, як здымаць так, каб яны не паспелі нічога зрабіць», – сказаў рэжысёр.

А канчае рэжысёр Юры Хашчавацкі свой фільм "Наперад, у мінулае" выхадам Уладзіміра Пуціна з Крамля і старой хронікай – эпізодамі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дыктарскі голас з савецкага часу нагадвае гледачам: “Справа рэвалюцыі бяссмертная”.

Апошнія навіны