BE RU EN

Ні слова пра кампенсацыю ільгот

  • 13.11.2007, 17:23

Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада правёў нараду па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ды па праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2008 год. У часе нарады кіраўнік дзяржавы абвінаваціў урад на чале з Сідорскім ва ўсіх хібах беларускай эканомікі, у тым ліку, у нізкай рэнтабельнасці вытворчасці ды павелічэнні адмоўнага знешнегандлёвага сальда. Між тым, Лукашэнка ні словам не абмовіўся пра адрасную кампенсацыю скасаваных ім жа ільготаў.

Нагадаем, яшчэ ў кастрычніку была анансаваная нарада ў Аляксандра Лукашэнкі па праекце ўказа па адраснай дапамозе найменш забяспечаным грамадзянам пасля адмены ільгот.

Спярша такая нарада, па словах міністра фінансаў Мікалая Корбута, мусіла адбыцца 6 лістапада. Потым казалі пра перанос гэтай нарады на 12 лістапада.

Аднак сёння Аляксандр Лукашэнка некалькі гадзінаў запар раіўся з урадам пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі на 2008 год і чамусьці нічога не сказаў пра абяцаную кампенсацыю за адабраныя ільготы.

Нагадаем, праект указу аб адраснай сацыяльнай падтрымцы ўжо паўгады ляжыць непадпісаным на стале Лукашэнкі. Закон аб адмене ільгот быў прыняты «палатай прадстаўнікоў» яшчэ 23 траўня, а набывае моц 17 снежня.

У кастрычніку падчас разгляду праекту бюджэту на наступны год дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» зазначылі, што на адрасную сацыяльную дапамогу плануецца выдаткаваць толькі 50–60 млрд. рублёў, хаця ад адмены ільгот планавалася атрымаць дадаткова 160 млрд. рублёў.

Апошнія навіны